• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сярэдзіч: Гэта рэдкі выпадак, калі прэзыдэнт прымаў рэдактара і меў жаданьне весьці гаворку

    Галоўны рэдактар незалежнай газэты «Народная воля» Ёсіф Сярэдзіч сёньня сустрэўся сам на сам з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

    Галоўны рэдактар папрасіў Лукашэнку пра асабістую сустрэчу падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам», якая прайшла ў Менску 3 лютага. Пра вынікі, дамоўленасьці і ўражаньні Ёсіф Сярэдзіч апавёў Свабодзе адразу па завяршэньні сустрэчы:

    Сярэдзіч: Сустрэча адбывалася амаль дзьве гадзіны. Гэта рэдкі выпадак, калі прэзыдэнт прымаў рэдактара і меў магчымасьць і жаданьне весьці гаворку. Было ўражаньне, што я сустракаўся з прэзыдэнтам, але адчуваў сабе, як быццам, я размаўляю з нармальным чалавекам, якога добра ведаю. Я адкрыта гаварыў пра ўсё, што набалела, пра праблемы, якія хвалююць мяне і ў цэлым грамадзтва, якія хвалююць і прэзыдэнта ў тым ліку, і ўсю ўладу.

    Ёсіф Сярэдзіч

    Было тры блёкі размовы. Першы — тэматыка агульна-нацынальнага значэньня. Другі — я выступаў як адвакат незалежных СМІ. Магу зараз пахваліцца, што праблема, якая існавала апошнія гады з рэгіянальнымі газэтамі, з сёньняшняга дня зьнікае. Лукашэнка сказаў: «Можаш адкрыта сказаць сваім калегам, што больш яе ня будзе». Я маю на ўвазе, што напрыклад «Барысаўскія навіны» ня маюць доступу ў мясцовыя кіёскі і падпісныя каталёгі, гэта тычыцца і «Газэты Слонімскай» Навошта? Каб нас крытыкавалі. Трэба вырашыць гэтую праблему раз і назаўсёды. Ён сказаў, што можаш перадаць калегам, што такой праблемы з сёньняшняга дня не існуе. Масу іншых пытаньняў мы абмяркоўвалі.

    Соўсь: Ці скарэктуецца тэматыка вашай газэты пасьля сустрэчы?

    Сярэдзіч: Народная воля» будзе трымацца таго курсу, якога трымалася. Навошта нам мяняцца? Для нас самае галоўнае — адстойваем дэмакратычныя каштоўнасьці, правы чалавека, свабоду слова. Мы — за плюралізм. Навошта ўсё мяняць? Мы ж ня будзем сёньня падмяняць«Советскую Белоруссию» ці іншую афіцыйную газэту? «Народная воля» застаецца «Народнай воляй».

    Соўсь: Пра што вы дамовіліся на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам?

    Сярэдзіч: Я не ішоў, каб дамаўляцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Мая справа была — выказаць сваё бачаньне разьвіцьця падзеў у Беларусі, якім чынам усім нам, беларусам, не дапусьціць нейкіх драматычных падзей на нашай зямлі, каб тут не палыхнула нічога, каб не было вайны і крывавых разборак. Каб усе праблемы, якія ўзьнікаюць, як цывілізаваныя людзі, вырашаць мірна і спакойна. Я ж не заклікаў прэзыдэнта, каб нейкія рашучыя дзеяньні прымала ўлада. Я наадварот пачынаў з прапановаў, што трэба знаходзіць пагадненьне з усімі кампанэнтамі нашага грамадзтва. Я ўспомніў таго ж Ярузэльскага. У крытычны час для палякаў Ярузэльскі ініцыяваў нацыянальны польскі круглы стол. Я думаю, што над гэтай прапановай задумаецца і Лукашэнка, і я не выключаю, што такая магчымасьць будзе. Трэба садзіцца і спакойна вырашаць.

    Соўсь: Што яшчэ паабяцаў кіраўнік Беларусі акрамя таго, што раённыя друкаваныя СМІ могуць вярнуцца ў шапікі і падпісныя каталёгі?

    Сярэдзіч: Асабліва няма чаго скардзіцца або прасіць падачкі. Я ж не прасіў грантаў у Лукашэнкі, бо я ведаю, што ён ня выдзеліць гэтыя гранты. І ня трэба. Я бы ня ставіў так пытаньне. Мы проста падзяліліся сваімі думкамі, сваімі меркаваньнямі наконт жыцьця ў нашай краіне і наконт таго, як мы будзем жыць праз паўгода і ці праз два гады. І ў мяне як у звычайнага чалавека, і ў яго як у прэзыдэнта баліць душа за тое, каб усё было больш-менш нармальна.

    Соўсь: Вы ішлі на сустрэчу з тэчкай. Што ў ёй несьлі? Якія дакумэнты?

    Сярэдзіч: Тэчка патрэбная, каб тры паперкі былі, інфармацыя пра незалежныя СМІ (па кожнай газэце мне Бастунец з БАЖу даў даведку), я ж павінен з даведкай ісьці, а не з пустымі рукамі. Абмяркоўвалі, як павінны ўлады рэагаваць на публікацыі газэты. Пра некаторыя канкрэтныя публікацыі гаварылі.

    Соўсь: Як вам падалося, ці чытае Аляксандар Лукашэнка «Народную Волю»?

    Сярэдзіч: Думаю, што чытае ад коркі да коркі.

    Соўсь: Бачу, што вы выйшлі з сустрэчы са станоўчым уражаньнем. А калі раптам нешта з абяцаньняў Лукашэнка ня выканае, што будзеце рабіць?

    Сярэдзіч: Жыцьцё пакажа. Найлепшы дарадца і настаўнік — само жыцьцё. Па-першае, фармат сустрэчы быў «з вока на вока», таму многія рэчы і мне, і прэзыдэнту трэба пакінуць за дужкамі. Калі было дамоўлена з вока на вока, то што ж я буду бегаць і на кожным скрыжаваньні пераказваць кожнае слова. Я напішу калёнку для «Народная Волі», і многія рэчы там заўтра прачытаеце.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці