У Мінску адкрываецца канферэнцыя “Медыя Беларусі: выклікі і шанцы”
13–14 лютага ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” збірае калег на двухдзённую канферэнцыю, прысвечаную заканадаўству ў сферы СМІ, захаванню стандартаў журналістыкі і эканамічным умовам працы рэдакцый.
Да ўдзелу ў канферэнцыі запрошаны супрацоўнікі нацыянальных і рэгіянальных СМІ, прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў, Міжнароднай федэрацыі журналістаў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
У працы канферэнцыі плануецца ўдзел прадстаўнікоў медыяінстытута Fojo, Саюза журналістаў Літвы, Саюза журналістаў Азербайджана і іншых міжнародных экспертаў.
Канферэнцыя адкрыецца панельнай дыскусіяй, прысвечанай заканадаўству ў сферы СМІ і практыцы яго прымянення. Удзел у ёй возьме прадстаўнік Офіса АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Айдар Батагараў.
У другой палове дня фокус абмеркавання будзе пераведзены на захаванне стандартаў журналістыкі, а таксама адбудзецца творчая сустрэча са Святланай Алексіевіч, трансляцыю з якой Вы зможаце паглядзець на нашым сайце.
Абмеркаванне ў другі дзень канферэнцыі будзе прысвечана эканамічным умовам працы СМІ ў Беларусі.
Праграма канферэнцыі — тут.