• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Яўген Валошын і Глеб Лабадзенка працуюць над стварэннем новага ток-шоў

    Журналіст Яўген Валошын сышоў з “Еўрарадыё”. Цяпер ён працуе ў камандзе з Глебам Лабадзенкам  над стварэннем новага ток-шоў. Прэс-служба ГА “БАЖ” распытала журналіста пра непапулярнасць расследванняў як жанр і новы медыйны праект.

    — Дзякуючы следчаму метаду пошуку інфармацыі, мы часта выкопвалі эксклюзівы. Грунтоўных расследванняў было не так і многа — гэта наркотыкі, радыяцыя ў прадуктах харчавання, карупцыйныя справы. Можа быць, адным з найбольш цікавых матэрыялаў быў пра справу sms-мінёра мінскага метро. Яго маёмасць судовыя выканаўцы ацанілі ў капейкі і куды яны сышлі — невядома. Але, на жаль, на “Еўрарадыё” прачытанні гэтых матэрыялыў былі не самыя высокія.

    Пасля таго, як я звольніўся з “Еўрарадыё”, на маё здзіўленне было нямала праноў. Я абраў прапанову стварыць ток-шоў у пары з Глебам Лабадзенкам. Я заўсёды хацеў працаваць з гэтым таленавітым чалавекам у камандзе, ён мой настаўнік і ў многім паўплываў на маё жыццё. У нас быў досвед удзелу ў праграмах “Пусть говорят” на расійскім тэлебачанні. Мы пабачылі, што маглі б рабіць праграму, супастаўную па ўзроўні, але менш бульварную і крыклівую.

    Адна з тэм, над якой мы працуем, — вялікія тэрміны за нарказлачынствы. Таксама будзе праграма пра школу і дзяцей: разбіраемся з выпадкамі, калі дзеці трапляюць у цяжкія сітуацыі. Напрыклад, гэта гісторыя, калі студэнт у Мінску напаў на людзей з бензапілой, або калі вучань з Баранавіч  скончыў жыццё самагубствам пасля педсавету.

    — Чаму ў Беларусі жанр журналісцкіх расследванняў не надта папулярны? Напрыклад, на конкурс “Вольнае слова” ў намінацыі “Журналісцкае расследванне” традыцыйна падаюць найменш тэкстаў.

    Матэрыялы-расследванні патрабуюць шмат часу. Адно расследванне можа цягнуцца месяцамі ці нават гадамі. Некаторыя расследванні патрабуюць дадтковых тратаў: аплата экспертыз, паездак, закупкі і гэтак далей. У нас рэдакцыі найперш зацікаўленыя ў тым, каб журналісты рабілі шмат матэрыялаў.

    Разам з тым часопіс “Имена», краўдфандынг “Нашай нівы” паказалі, што людзі гатовыя падтрымліваць грашамі такія матэрыялы, і ўжо падтрымліваюць. Я думаю, што ідэя стварыць поўнавартаснае агенцтва расследванняў — цудоўная. Але зацікаўленых у гэтым я не бачу, таму ідэя падвісла ў паветры. Можа быць таму, што ў краіне некалі было агенцтва журналісцкіх расследванняў, якое сябе дэскрэдытавала, ведаю, што там была не самая прыгожая гісторыя. Можа быць, гэта паўплывала на давер да падобных праектаў.

    — Якія матэрыялы, на твой погляд, варта пачытаць з адукацыйнай мэтаю тым, хто хацеў бы працаваць у гэтым жанры?

    — У апошні час добрыя расследванні публікуе “Наша ніва”. Мне імпануюць матэрыялы Арцёма Гарбацэвіча. І сацыяльныя расследванні часопіса «Имена». Увогуле тым, хто хоча займацца гэтым жанарм, я б параіў чытаць больш матэрыялаў-расследванняў і глядзець якія тэмы і прыёмы прымяняюць калегі. Вось, напрыклад, матэрыял Гарбацэвіча пра лідара арганізацыі “Румол” Сяргея Лушча. Гэты чалавек расхаджваў у строі з важным выглядам, яго запрашали на дзяржаўнае тэлебачанне, а высветлілася, што ён ледзь не ў секце актыўнічаў і ўвогуле сумнеўная асоба. А бліжэйшыя паплечнікі гэтага Лушча ўдзельнічалі ў неанацысцкіх арганізацыях. Вось гэта і ёсць журналісцкае расследванне. Калі замест “важнага чалавека” мы бачым шута гарохавага. Ды яшчэ і небяспечнага для Беларусі.

    — Паўстае пытанне: наколькі журналісту, які займаецца расследваннямі, патрэбныя асабістыя сувязі ў сілавых ведамствах? І ці лёгка іх займець?

    — Часта выходзіць так, што праца расследвальніка дапамагае знаходзіць пэўныя факты, праблемы, якія сілавікі акурат-такі хаваюць. І ёсць яшчэ адзін тонкі момант. Я асабіста неаднойчы меў сустрэчы з высокапастаўленымі сілавікамі. Але, паводле маіх высноў, знайсці адказных і шчырых супрацоўнікаў у гэтай сістэме вельмі складана.

    Часта гэтыя людзі хочуць выкарыстоўваць журналістаў як зліўны бачок. Я сам з гэтым сутыкаўся.

    І потым у выпадку нейкіх праблем не факт, што яны цябе выручаць. А журналіст будзе думаць, што кантакты, уплыў і ўсё такое.

    Важна, калі адбываюцца сустрэчы з сілавікамі, даць зразумець якія твае паўнамоцтвы, што ёсць і іншыя адказныя за публікацыю інфармацыі людзі, ёсць галоўны рэдактар, які будзе прымаць канчатковае рашэнне. Нельга пераходзіць мяжу субардынацыі, бо ёсць шанцы апаганіць сваё імя.

    У мяне быў выпадак, калі падчас такой сустрэчы чалавек у пагонах спачатку ліў у вушы які я цудоўны журналіст, а потым прапанаваў даваць мне для публікацыі матэрыялы. І шчыра патлумачыў, што яны змогуць гэта выкарыстоўваць для распачынання крымінальных спраў ці для міжведамаснай барацьбы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці