Віцебская філія ГА «БАЖ” абвясціла літаратурны конкурс для закаханых
Конкурс праводзіцца ў межах “Эстафеты добрых спраў” — ініцыятывы, прапанаванай БАЖаўцамі для папулярызацыі арганізацыі і падвышэння яе аўтарытэту.
Віцебскія журналісты вырашылі, што добрыя справы і добрыя словы — непадзельныя, асабліва калі іх гавораць ад чыстага сэрца. Таму Віцебская філія ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў” абвясціла літаратурны конкурс да самых чаканых святаў — Дня святога Валянціна, 23 лютага, 8 сакавіка. Удзельнічаць у ім прапанавана паўналетнім жыхарам рэгіёна абодвух палоў, якія змогуць скарыстацца прапановай і распавесці пра свайго абранніка ці абранніцу. Або падзяліцца ўласнай рамантычнай гісторыяй ці нават прызнацца ў каханні такім незвычайным чынам.
Навошта і каму патрэбны аповеды пра каханне?
Умовы конкурсу абсалютна не абмяжоўваюць фантазію аўтараў: гісторыю пра каханне можна напісаць у форме эсэ, апавядання ці нават казкі на тэму «За што я ўдзячны сваёй каханай” або “За што я ўдзячная свайму каханаму”. Да 28 лютага літаратурныя творы будуць прымацца на электронны адрас kaxanne777@mail.ru. А потым сябры філіі падсумуць вынікі і абяруць пераможцаў.
Імёны пераможцаў будуць абвешчаны 8 сакавіка, іх чакаюць прызы, гаворыць адна з ініцыятарак конкурса Алена Шабуня:
— Прызоў будзе некалькі, але пакуль мы не раскрываем усе сакрэты. Скажам, хіба, так: пераможцаў чакаюць прыемныя сюрпрызы ад віцебскіх БАЖаўцаў. А найлепшыя творы мы надрукуем на сайце vitebskby.com. На гэтым інтэрнэт-рэсурсе ўжо размешчаны ўмовы конкурсу. Важна, каб віцебская грамадскасць далучылася да нашай ініцытывы казаць адно аднаму ці адно пра аднаго добрыя словы. А што да добрых справаў, то нашы БАЖаўцы і жыхары рэгіёну робяць супольныя добрыя справы ўжо даўно.
Насамрэч, ініцыятыва “Эстафета добрых справаў” з мэтаю прыцягнуць увагу грамадскасці да нейкай праблемы і вырашыць яе супольна ў Віцебскуўжо даўно не новая.Раней такая дзейнасць не мела абагульняючай назвы, але праводзілася рэгулярна: яшчэ ў 2014 годзе БАЖаўцы разам з гараджанамі выйшлі на прыборку закінутах могілак, у 2015 годзе журналісты заклалі “Алею вольнай прэсы” ў адным з мікрараёнаў горада, у 2016‑м узялі ўдзел у агульнагарадской акцыі “Самасад”. Ужо сёлета журналісты запачаткавалі праект “Разам”, каб не пакідаць па-за ўвагай грамадскасці сітуацыю з паркам у раёне вуліц Чэхава і Урыцкага, уратаванага жыхарамі горада ад знішчэння. Мясцовыя жыхары выказвалі гатоўнасць далучыцца да добраўпарадкавання гэтага аб’екта, каб парк стаў яшчэ больш прывабным для адпачынку.
Пра літаратурны конкурс, абвешчаны БАЖаўцамі, ужо напісалі мясцовыя інтэрнэт-выданні, абвесткі шырока разыйшліся па сацыяльных сетках. Аўтары твораў пра каханне ўжо адгукаюцца на прапанову, а віцебскія сябры ГА БАЖ спадзяюцца, што напярэдадні самых рамантычных святаў будзе сказана, напісана і пачута вельмі шмат прачуленых слоў. І не толькі з нагоды конкурсу.
Аўтар выявы #namaliavala