БелаПАН: мы не будзем статыстамі ў чужым шоў
Заява беларускай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН па выніках “Вялікай размовы з прэзідэнтам”.
3 лютага прайшло мерапрыемства пад назвай “Большой разговор с президентом”. Да ўдзелу ў ім быў запрошаны і прадстаўнік Беларускай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН — аднаго з буйнейшых незалежных СМІ ў Беларусі, афіцыйна зарэгістраванага яшчэ ў 1991 годзе. Аднак па выніках даводзіцца канстатаваць, што найгорш арганізаванага мерапрыемства з удзелам Аляксандра Лукашэнкі нам бачыць дагэтуль яшчэ не даводзілася.
Нягледзячы на рэкордную працягласць сустрэчы — 7 гадзін 20 хвілін — і агульную колькасць удзельнікаў (больш за сто), мала каму ўдалося паўдзельнічаць у размове. Астатніх, выглядае, паклікалі дзеля масоўкі. Але калі грамадскім дзеячам ды экспертам удзел у такім мерапрыемстве цешыць самалюбства, то журналістам такія ўцехі непатрэбныя. З прадстаўнікоў СМІ, пасаджаных за адзін стол з кіраўніком дзяржавы каля персанальных мікрафонаў, толькі трэцяй частцы далі магчымасць задаць пытанне.
Арганізатары “Большого разговора” могуць казаць, што гэта не прэсавая канферэнцыя і спасылацца на новы фармат сустрэчы з прэзідэнтам дзеля магчымасці выказацца шырокаму колу грамадства. Але ніякае грамадскае кола не можа быць хоць кольвечы шырокім, пакуль журналісты пазбаўленыя права задаваць пытанні. Голас народу — гэта не адабраныя нейкім чынам дзесятак чалавек з вулічнай апытанкі і не падабраныя адмыслова грамадскія дзеячы ды эксперты. Ва ўсім свеце голас народу — голас журналістаў. Медыі — гэта гукаўзмацняльнікі існуючых у грамадстве меркаванняў і патрабаванняў, і наша задача — каб улада пастаянна чула жывы голас народу.
У Беларусі на працягу апошніх дваццаці гадоў механізмы дыялогу ўлады з грамадствам і справаздачнасці чыноўнікаў мэтанакіравана разбураліся. Прэсавыя службы большасці дзяржаўных органаў пераўтварыліся ў бюракратычныя інстытуты, якія маюць на мэце абмяжоўваць доступ журналістаў да інфармацыі. Чыноўнікі ў сваёй асноўнай масе баяцца даваць каментары не толькі незалежным, але й дзяржаўным медыям. Стала сістэмай, што супрацоўнікам БелаПАН ды іншых незалежных СМІ адмаўляюць у доступе на паседжанні Савету міністраў. На большасць мерапрыемстваў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі дапускаецца вельмі вузкі пул журналістаў з дзяржаўных СМІ.
Мы лічым, што гэта вялікая памылка ўлады ў дачыненнях з медыямі і грамадствам увогуле. Як бы ні перашкаджалі журналістам, як бы ні хавалі ад нас інфармацыю, мы знайходзім шляхі здабыць яе альтэрнатыўным чынам. Аднак пры гэтым часта пазбаўленыя магчымасці дадаць меркаванне прадстаўнікоў улады на тую ці іншую праблему, і гэта не можа быць таксама праблемай улады, якой бы аўтарытарнай яна ні была. Для журналістаў жа абмежаванні ў доступе да інфармацыі — гэта моцны выклік, і пераадолець такія абмежаванні становіцца справай нашага прафесійнага гонару. Мы будзем дамагацца атрымліваць ад прадстаўнікоў улады дзяржаўны пункт гледжання на падзеі і праблемы, як бы яны ні хаваліся ад нас.
Падчас “Большого разговора с президентом” прадстаўнік БелаПАН і большасці іншых медыяў былі пазбаўленыя магчымасці выканаць свой прафесійны абавязак — задаць пытанні кіраўніку дзяржавы. Фактычна нас скарысталі ў ролі статыстаў. Успрымаем гэта як знявагу і заяўляем, што не бачым сэнсу ўдзельнічаць ў мерапрыемствах, куды нас запрашаюць дзеля масоўкі, а не для выканання нашых прафесійных абавязкаў.
Настойваем на асобным інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам, бо ў журналістаў і грамадства накапілася шмат пытаннняў пра сённяшні дзень і будучыню Беларусі, якія і пасля “Большого разговора” застаюцца без адказу.
Заклікаем органы ўлады стварыць у Беларусі спрыяльныя ўмовы для працы журналістаў і наладзіць сістэму аператыўных зносін іх прадстаўнікоў, уключна з вышэйшымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, са СМІ незалежна ад формы ўласнасці.