У Брэсцкай філіі ГА “БАЖ” абмеркавалі прыярытэты дзейнасці на 2017 год
Падчас першай ў гэтым годзе сустрэчы брэсцкіх БАЖаўцаў Максім Хлябец распавёў пра найбольш важныя накірункі працы сёлета, а ўдзельнікі сходу ўнеслі шмат новых прапаноў, вартых ўвагі.
Так, сябры філіі шмат казалі пра неабходнасць актывізаваць на рэгіянальным узроўні арганізацыю адукацыйных праграм і семінараў з запрашэннем дасведчаных экспертаў у галіне права, журналісцкай этыкі, стварэння інфаграфікі, прасоўвання СМІ ў сацыяльных сетках. Брэсцкія БАЖаўцы таксама лічаць цікавым і карысным атрымаць досвед калег са сталічных і рэгіянальных выданняў у справе “выжывання” у цяперашніх няпростых эканамічных рэаліях.
Сярод агучаных прапаноў – арганізацыя адмысловага “круглага стала”, прысвечанага узаемадзеянню журналісцкай супольнасці з прадстаўнікамі прэс-службаў розных дзяржаўных устаноў; цыкл сустрэчаў з мясцовымі дзеячамі культуры; стварэнне новага фармату дыскусій (кшталту “клуба рэдактараў”) з запрашэннем людзей, чые меркаванні выклікаюць цікавасць у журналістаў.
Таксама сябры брэсцкай філіі гатовыя далучыцца да “Эстафеты добрых спраў”, што ўжо пачалі ладзіць іншыя рэгіянальныя суполкі ГА “БАЖ”, і ўнеслі прапановы наконт арганізацыі прэс-тура па мясцінах, звязаных з жыццём Тадэвуша Касцюшкі.
На сходзе абмяркоўваліся і арганізацыйныя пытанні, звязаныя з сяброўскімі унёскамі, найбольш эфектыўныя магчымасці камунікацыі і распаўсюду інфармацыі пра падзеі у жыцці філіі з выкарыстаннем сацыяльных сетак. Акрамя таго, былі прыняты да ведама заявы калегаў, што вырашылі спыніць сваё сяброўства ў арганізацыі. Разам з тым, у шэрагі брэсцкай філіі ГА “БАЖ” прынялі Алесю Сіманоўскую, якая супрацоўнічае з “Брестской газетой”.