Андрусь Горват за дзень прадаў у Купалаўскім 750 сваіх кніг «Радзіва Прудок»
Заўтра Андрусь Горват плануе прадаць яшчэ 250 асобнікаў кнігі «Радзіва Прудок». Гэта дадатковы наклад у 1000 экзэмпляраў.
Кніга «Радзіва Прудок» выйшла напрыканцы мінулага года — на яе збіралі праз краўдфандынгавую платформу «Талака», то бок фактычна па перадзамове. У першым выданні пазначаны наклад у 650 асобнікаў.
Андрусь Горват пазбягае сустрэч з журналістамі, не ладзіць сустрэч з чытачамі. Яго аўдыторыя была сфарміраваная найперш праз сацыяльную сетку Facebook, дзе Горват апісвае сваё жыццё.
Андрусь Горват — мінчук, які з’ехаў з Мінску ў вёску на Палессі. У Мінску Горват працаваў журналістам і, адначасова, дворнікам тэатра імя Янкі Купалы. Вёска Прудок знаходзіцца ў 300‑х км на поўдзень ад Мінска, недалёка ад мяжы з Украінай. Андрусь аднаўляе дзедаву хату, у якой нарадзіўся яго бацька. Жыве, глядзіць на наваколле з цікаўнасцю даследчыка. Напісаў кнігу. Таксама Горват піша калонкі для сайта «ГА БАЖ» і «Белсата».