За гомельскую журналістку заступаецца Камітэт ААН
Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў індывідуальную скаргу намесніцы старшыні Гомельскай гарадской арганізацыі ГА “БАЖ”, журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай аб парушэнні права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі.
Адпаведнае паведамленне атрымаў юрыст ГА “БАЖ Леанід Судаленка – па даверанасці ён вядзе справу журналісткі ў міжнароднай інстанцыі.
Скарга датычыцца двух выпадкаў прыцягнення Шчыраковай да буйных грашовых штрафаў за падрыхтоўку матэрыялаў без акрэдытацыі ў МЗС на беларускамоўны спадарожнікавы тэлеканал «Белсат», які транслюе перадачы з Польшчы.
13 студзеня 2016 года суддзя Гомельскага раёна Аляксандр Лісоўскі прысудзіў Ларысе Шчыраковай штраф за зняты ў пасёлку Урыцкае і паказаны праз “Белсат” рэпартаж наконт праблем сельскіх жыхароў.
15 красавіка мінулага года суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксандр Піскуноў пакараў журналістку-фрылансера буйным штрафам за рэпартаж пра ўцекачоў, зняты ў Гомельскім аддзяленні таварыства Чырвонага Крыжа.
“У Беларусі, – кажа Шчыракова, – я абскарджвала штрафы ва ўсіх судах, у тым ліку і ў Вярхоўным. Звярталася з нагляднай скаргай да генеральнага пракурора, але безвынікова. Атрымліваецца, што па так званых «белсатаўскіх справах» абароны ў краіне няма. Цяпер даводзіцца абараняць сваё права на збор і распаўсюд інфармацыі на міжнародным узроўні”.
Леанід Судаленка тлумачыць, што пасля рэгістрацыі скаргі Камітэт ААН па правах чалавека запытвае тлумачэнне ўраду Беларусі адносна пакарання журналісткі штрафамі, а пасля ацэньвае яго і выносіць свой вердыкт.
“Як і беларуская Канстытуцыя, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах гарантуе кожнаму свабоду на збор і распаўсюд інфармацыі. Наш нацыянальны закон аб СМІ празмерна абмяжоўвае самую сутнасць гэтага права. Упэўнены, што ў справе Шчыраковай будуць устаноўлены парушэнні правоў журналісткі”, – лічыць юрыст Судаленка.