Брэсцкі гарвыканкам праігнараваў прапанову гараджан публічна справаздачыцца пра фінансавыя траты
Зварот, які падпісалі больш за 500 жыхароў Брэста ў межах кампаніі “За наш горад”, тычыўся фінансаў, якія вылучаюцца на рамонт дарог у горадзе.
Як распавёў службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” актывіст кампаніі і кіраўнік Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі, замест усебаковага, поўнага, дакладнага і аб’ектыўнага адказу на прапановы ліст з гарвыканкаму за подпісам намесніка старшыні Мікалая Якубоўскага змяшчае агульныя звесткі пра тое, што на сайце гарвыканкама і ў газетах нібыта рэгулярна з’яўляюцца матэрыялы аб працы па добраўпарадкаванні і будаўніцтву.
Акрамя таго, мясцовыя ўлады спасылаюцца на магчымасць атрымання неабходнай інфармацыі праз інфармацыйна-пошукавую сістэму “Эталон” і падчас паседжанняў сесій гарадскога Савета дэпутатаў. “Аднак на апошняй сесіі гарсавета былі ўзгаданыя толькі агульныя лічбы, што тычацца бюджэту, — адзначыў Маслоўскі. — Нічога канкрэтнага, асабліва ў частцы зададзеных намі пытанняў, агучана на сесіі не было. Таму дзіўна чуць такія “аргументы” ад прадстаўніка дзяржаўнай установы”.
Па словах палітыка, з адказу таксама вынікае, што ўсе сродкі ад выплаты “транспартнага падатку” трапляюць у рэспубліканскі бюджэт.
Як паведамлялася раней, у Брэсцкі гарвыканкам быў накіраваны зварот, у якім выказваліся патрабаванні агучыць суму грашовых сродкаў, якія паступілі ад “транспартнага падатку” ў 2014, 2015, 2016 гадах у бюджэт горада; зрабіць справаздачу за гэтыя гады на рамонт дарог у Брэсце з пералікам усіх відаў работ і крыніц фінансавання; пазначыць асноўныя плануемыя мерапрыемствы па рамонце (рэканструкцыі) дарожнага пакрыцця на 2017 год; змяшчаць звесткі пра паступленне і мэтавым выкарыстанні сродкаў “транспартнага падатку» адзін раз у квартал на сайце Брэсцкага гарвыканкама і ў рэгіянальных СМІ.
У межах кампаніі “За наш горад” актывісты маюць намер дамагацца рэалізацыі на практыцы сваіх прапаноў аб публічнасці расходавання сродкаў “транспартнага падатку”.
“У хуткім часе мы накіруем свае прпапановы ў гарадскі Савет дэпутатаў, каб гэтае пытанне асобна разглядалася на сесіі, а таксама ўсім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Брэсцкай вобласці”, — дадаў Ігар Маслоўскі.