Cкаргу Кіркевіча зарэгістравалі ў камітэце ААН па правах чалавека
Гродзенскі сябра ГА “БАЖ” Алесь Кіркевіч, некалькі разоў аштрафаваны за працу без акрэдытацыі ў Беларусі, атрымаў з Жэневы паведамленне пра тое, што яго скарга зарэгістравана ў камітэце ААН па правах чалавека.
Кіркевіч адпраўляў у Жэневу дзве скаргі, аднак зарэгістраваная пакуль адна.
Алесь кажа, што скаргі тычыліся судоў за журналісцкую дзейнасць — за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Згодна праваабаронцам гэта парушае падставовыя канстытуцыйныя правы грамадзяніна Беларусі на збор і распаўсюд інфармацыі. Да таго ж, тыя СМІ, супрацоўнікі якіх найчасцей траплялі ў той час пад артыкул, неаднаразова падавалі заяўкі на акрэдытацыю афіцыйным беларускім структурам, але іх ніхто не задаволіў.
— Як важна для вас, Алесь, падтрымка замежных установаў кшталту Камітэта па правах чалавека?
— Сама скарга на дадзены момант усяго толькі зарэгістраваная, адказу ці рашэння па ёй няма. Гэта хутчэй важна для статыстыкі: калі Беларусь зараз бярэ праеўрапейскі курс і мы назіраем “пацяпленне” стасункаў з Захадам, то на тым жа Захадзе мусяць ведаць аб праблемах нашых грамадзян, у тым ліку журналістаў. Магчыма, падобныя крокі стануць прышчэпкай для тых нашых дзяржструктур, якія арганізоўвалі прэсінг на журналістаў, і дапамогуць пазбегнуць гэтага ў будучыні.
— Што на вашу думку перашкаджае працаваць журналісту-фрылансеру ў Беларусі?
— Скаргі не тычыліся фрылансерства наўпрост. А вось журналістам з незарэгістраваных СМІ перашкаджае працаваць статус у Беларусі іхняга працадаўцы, а значыць і статус іх саміх, як супрацоўнікаў гэтага СМІ. Найперш праблема нават не ў судах і штрафах, якія зараз перасталі быць распаўсюджанай з’явай, а ў цяжкасці кантактаў з афіцыйнымі структурамі ды асвятленні тэм, звязаных з працай дзяржорганаў, дзяржпрадпрыемстваў і г.д. Атрымліваецца, што тыя ж чыноўнікі адмаўляюцца нешта каментаваць, а пасля кажуць, што журналісты пішуць свае домыслы альбо паклёпы — у гэтым трагікамізм сітуацыі.
Складаць скаргі журналісту дапамагалі праваабаронцы гродзенскага прадстаўніцтва праваабарончага цэнтра «Вясна».