Гендырэктар Гомельскага будтрэста №27 абараняе свайго намесніка па ідэалогіі ад журналістаў
Гомельскі журналіст-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі атрымаў адказ ад выканаўцы абавязкаў генеральнага дырэктара ААТ “Будаўніча-мантажны трэст №27” Юрыя Ашуркі на сваю пісьмовую скаргу наконт адмовы ў прадастаўлені інфармацыі ягоным намеснікам па кадрах, ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях.
Кіраўнік піша ў сваім лісце: “Разгледзеўшы Вашу скаргу аб адмове ў прадастаўлені інфармацыі, якая паступіла 21.12. 2016 г., лічым яе неабгрунтаванай у сувязі з тым, што, зыходзячы з пададзеных Вамі звестак, на Вас не распаўсюджваюцца нормы Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 чэрвеня 2008 года “Аб сродках масавай інфармацыі”.
“Я звярнуўся ў снежні як грамадзянін, фрылансер да намесніка генеральнага дырэктара Мікалая Сугака — цікавіўся пытаннямі сацыяльнай абароненасці будаўнікоў у трэсце. Аднак ідэолаг заявіў, што паступіла ўказаннне не даваць ніякай інфармацыі канкрэтна мне. Паводле ж Канстытуцыі, як грамадзян я маю права на збор і распаўсюд інфармацыі. Зварот да кіраўніка трэста быў неабходны для дасудовага ўрэгулявання інцыдэнту. Цяпер будзем з юрыстам вырашаць, якім чынам дзейнічаць далей”, — кажа Жукоўскі.
Гомельскі праваабаронца, юрыст ГА “БАЖ” Леанід Судаленка, які дапамагаў Канстанціну скласці заяву ў трэст, лічыць, што ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра Жукоўскага не як прадстаўніка СМІ, а як пра грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, чые правы, гарантаваныя беларускай Канстытуцыяй, парушаныя.