У Гомелі ў суд у якасці адказчыка выклікаюць тэлеканал “Белсат” (фота)
У справе пра абарону гонару і годнасці суд запатрабаваў ад начальніка лоеўскай міліцыі ўдакладніць прэтэнзіі і прызначыў суадказчыка — тэлеканал “Белсат”.
5 студзеня суд Цэнтральнага раёну Гомеля вырашыў прыцягнуць у якасці суадказчыка спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” у справе па іску начальніка Лоеўскага раённага аддзелу ўнутраных спраў Уладзіміра Бухаўцова да журналіста-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.
Хадайнічаў пра гэта юрыст Леанід Судаленка, які, на падставе даверанасці грамадскай арганізацыі, дапушчаны да разгляду справы ў якасці прадстаўніка журналіста. Ён падаў дзевяць розных хадайніцтваў, каб была зразумелай сутнасць прэтэнзіяў міліцэйскага начальніка. Бо апошні лічыць, што ягоную фатаграфію нельга змяшчаць, калі гаворка тычыцца розных крымінальных спраў і нават хабарніцтва ў асяродку міліцыянтаў.
Суддзя Ірына Званко абавязала Уладзіміра Бухаўцова канкрэтызаваць свае іскавыя патрабаванні. На гэта звярнулі ўвагу таксама адказчык і ягоны прадстаўнік у судзе.
Бухаўцоў, у прыватнасці, просіць суд прызнаць звесткі, што абражаюць ягоныя гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, “выкладзеныя ў відэаматэрыялах, у сетцы Інтэрнэт, у тым ліку і на тэлеканале “Белсат”, у скаргах і публічных выступах падчас выбарчай кампаніі грамадзянінам Жукоўскім К.І. аб маіх неправамерных дзеяннях у ходзе выканання службовых абавязкаў”.
Пры гэтым падпалкоўнік міліцыі Бухаўцоў заўважыў у судзе, што яму хутка на заслужаны адпачынак, і ён не жадае, каб сваякі і знаёмыя адклікаліся пра яго як пра начальніка міліцыі негатыўна. Канкрэтныя інтэрнэт-рэсурсы, выразы і выказванні начальнік міліцыі не называе.
У іску прыводзіцца толькі факт відэазапісу апытання Жукоўскім жыхароў Лоева пра дзейнасць міліцыі на фоне надпісу: “МУС — гестапа”, а таксама паведамляецца, што 15 ліпеня Кастусь Жукоўскі “ўчыняў спробу запалохвання супрацоўнікаў РАУС” праз тэлефон спецлініі міліцыі 102. Палохаў, як высветлілася ў судзе, люстрацыяй. Таму суд абавязаў аўтара іску прадставіць на гэты конт аўдыё- і відэаматэрыялы.
Перадгісторыя іску начальніка лоеўскай міліцыі да журналіста-фрылансера пачалася, у чэрвені, калі Кастусь Жукоўскі і Аляксей Атрошчанка прыехалі ў Лоеў здымаць сюжэт пра эканамічны стан мясцовых прадпрыемстраў, у тым ліку і камбіната будаўнічых матэрыялаў. Па выкліку намесніцы старшыні і кіраўніцы спраў мясцовага райвыканкаму супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку і сам начальнік Бухаўцоў, жорстка затрымлівалі фрылансераў. Па сутнасці, перашкаджалі падрыхтоўцы відэасюжэту.
Неўзабаве на тэлеканале “Белсат” відэасюжэт усё ж такі выйшаў і называўся гэтак: “Міліцыянты б’юць журналістаў, каб прыхаваць вынікі эканамічнага заняпаду”.
Апрача таго, Кастусь Жукоўскі падаў заяву ў Лоеўскі раённы аддзел Следчага камітэту на збіццё яго міліцыянтамі пры затрыманні. Судова-медычная экспертыза зафіксавала ў Жукоўскага лёгкія цялесныя пашкоджанні, якія не паўплывалі на стан здароўя. Улічваючы гэта, раённы следчы аддзел не знайшоў падставаў для распачынання крымінальнай справы супраць траіх міліцыянтаў, якія ўчынілі гвалт над фрылансерам.
Апошняя акалічнасць, праўдападобна, і натхніла падпалкоўніка міліцыі Бухаўцова падаць у суд зыск супраць Жукоўскага, хоць факт бесчалавечнага абыходжання з фрылансерам зафіксаваны на камеры назірання, перазапісаны на відэадыск і прадстаўлены ў суд.
Сам Бухаўцоў адмовіўся пракаментаваць ГА “БАЖ” свой іск у звязку з чэрвеньскімі падзеямі ў Лоеве.
Былы афіцэр міліцыі, а цяпер пенсіянер МУС Уладзімір Няпомняшчых, які прысуднічаў на судзе, лічыць, што Бухаўцову як адказнаму за дзеянні сваіх падначаленых варта было б найперш падаць рапарт аб адстаўцы, а не іск на абарону гонару і годнасці — у такім разе Жукоўскі казаў бы пра яго, што ён мае маральнае права насіць міліцэйскія пагоны.
Прадстаўнік Жукоўскага Леанід Судаленка даводзіў у судзе, што параўнанне міліцыі з тайным карным органам Трэцяга рэйху, які адносіўся да міністэрства ўнутраных спраў, — гэта асабістае меркаванне Жукоўскага пасля перажытага ў Лоеве. Не трэба забываць, што міліцыянты, бывае, беспрычынна страляюць у грамадзянаў. Прыкладаў таму нямала.
У Доўску быў гучны выпадак, калі афіцэр міліцыі, будучы п’яным, беспрычынна выстраліў маладой дзяўчыне ў галаву, бо тая не адклікалася на знакі ягонай увагі — і атрымаў адзінаццаць гадоў турмы. Навагодні інцыдэнт ў Мінску — з той жа серыі. Судаленка нават хадайнічаў, каб суд запрасіў у МУС звесткі аб тым, колькі міліцыянтаў за апошнія дзесяць гадоў было асуджана за неправамернае ўжыванне зброі супраць грамадзянаў. Аднак суддзя адхіліла гэтае хадайніцтва.
Працяг суду па зыску начальніка лоеўскай міліцыі да журналіста-фрылансера Жукоўскага адбудзецца 16 студзеня.