У Брэсце спыніла самастойнае існаванне абласная беларускамоўная газета “Народная трыбуна”
Са студзеня 2017-га года штотыднёвае выданне, заснавальнікамі якога з’яўляліся Брэсцкі абласны Савет дэпутатаў і аблвыканкам, у выніку рэарганізацыі будзе далучана да іншай абласной дзяржаўнай газеты — “Заря”.
Такім чынам, “Народная трыбуна” спыняе сваё існаванне як самастойнае выданне, а замест гэтага двойчы на месяц (па чацвяргах) рэдакцыя газеты “Заря” будзе рыхтаваць тэматычны беларускамоўны спецвыпуск пад назвай “Берасцейскія далягляды”. Плануецца, што на старонках адмысловага дадатку будуць друкавацца матэрыялы на тэмы культуры і гісторыі роднага краю, краязнаўчыя і іншыя матэрыялы, якія раней з’яўляліся ў “Народнай трыбуне”.
Размовы пра тое, што адзіная цалкам беларускамоўная абласная газета на Берасьцейшчыне, якая існавала з 1990 года, можа быць зачыненая, ішлі даўно. Яшчэ некалькі гадоў таму наклад “Народнай трыбуны” складаў каля 12 тысячаў асобнікаў, у ёй амаль не было рэкламы, а па коштах яна з’ўялялася самай таннай сярод усіх брэсцкіх выданняў. Гэтая адметнасць была запатрабаваная сярод пенсіянераў і маламаёмасных грамадзянаў, што куплялі альбо выпісвалі “Народную трыбуну” дзеля тэлевізійнай праграмы.
Паводле звестак службы маніторынга ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, на працягу мінулага года выдаткі на фінансаванне газеты значна скараціліся, наклад паменьшыўся да 3500 асобнікаў, а калектыў рэдакцыі папярэдзілі пра хуткія змены ў фармаце выдання. У выніку частка журналістаў была працаўладкаваная ў іншыя дзяржаўныя газеты, а частка вырашыла самастойна шукаць працу. Апошні нумар “Народнай трыбуны” быў надрукаваны 30 снежня 2016 года.