У Брэсце незалежных журналістаў не пусцілі на сустрэчу інвалідаў з намеснікам старшыні аблвыканкама
Ініцыятыва сустрэчы з чыноўнікам зыходзіла ад інвалідаў-вазочнікаў, што жывуць у так званым сацыяльным доме на вуліцы Ясеневай у Брэсце.
Інваліды паскардзіліся, што дом не прыдатны для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Яны неаднойчы звярталіся на гэты конт да прадстаўнікоў уладаў, але тыя на скаргі рэагавалі адпіскамі.
У выніку інваліды-вазочнікі дамагліся сустрэчы з намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Віктарам Сакоўскім і выказалі жаданне, каб на ёй прысутнічалі таксама прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі.
Аднак кіраўнік Брэсцкай філіі ГА “БАЖ” Максім Хлябец, і сябры філіі — незалежныя журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава не змаглі трапіць на гэтую сустрэчу. Забарона зыходзіла ад начальніка аддзела па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асоб аблвыканкама Вольгі Верабей. Чыноўніца заявіла, што сустрэча мае асабісты характар і пакінула журналістаў за зачыненымі дзвярыма.
Як паведаміў службе маніторынга ГА “БАЖ” Алесь Ляўчук, відавочна, што гэтай забаронай парушаецца ня толькі заканадаўства аб СМІ, але таксама ігнаруююца патрабаванні Дырэктывы № 2 ад 27 снежня 2006 года аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата. Сама спадарыня Верабей адзначыла падчас размовы з журналістамі, што яны вядуць сябе “вельмі нахабна”, калі хочуць трапіць на такую сустрэчу.
Што да вынікаў сустрэчы, дык інваліды-вазочнікі распавялі пасля яе заканчэння, што ў аблвыканкаме ім у чарговы раз паабяцялі вырашыць праблему і ўсталяваць адмысловы пад’ёмнік для вазкоў.