Святлана Алексіевіч ахвяравала на лячэнне Леаніда Маракова тысячу даляраў
Пісьменьніка і дасьледніка сталінскіх рэпрэсіяў Леаніда Маракова пераводзяць з госьпісу ў Дом міласэрнасьці.
Лекары дыягнаставалі ў пісьменьніка пухліну галаўнога мозгу, якая разьвілася пасьля цяжкага інсульту. Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч 7 лістапада перадала на лячэньне Леаніда Маракова тысячу даляраў. Але знаходжаньне і лячэньне ў Доме міласэрнасьці платнае, і сродкі спатрэбяцца яшчэ.
Леанід Маракоў мае сына і дачку, але яны вучацца ў Польшчы. Дапамагаюць пісьменьніку неабыякавыя людзі — Натальля Саматыя, Алесь Макаеў, Вадзім Пракопчык ды іншыя.
Натальля Саматыя распавяла Свабодзе пра стан Леаніда Маракова:
«Сёньня выглядае Леанід лепей, ацёчнасьць на твары спала, усьміхаецца, сам сябе працірае вільготнай сурвэткай. Трымаецца за маю руку даволі моцна. Гаворыць даволі зразумела. У параўнаньні з тым, што было некалькі дзён таму, выглядае Леанід значна лепш. Адзінае, мае нездаровы румянец. Але слухае мяне, пытаецца, хто прыяжджаў. Я падбадзёрваю, распавядаю, што ўсе за яго хвалююцца, перажываюць.
Прыехаў Алесь Макаеў, мы зрабілі гігіенічныя працэдуры.
Мы таксама дамовіліся з Домам міласэрнасьці, там ёсьць платнае месца — 35 рублёў за суткі. Там умовы, безумоўна, лепшыя, чым у госьпісе. Ёсьць дактары, лябараторыя.
Пагаварылі сёньня мы зь лекарам. Той пацьвердзіў, што дыягназ — анкалёгія чацьвёртай ступені (пухліна мозгу). Ён таксама паведаміў, што апэрацыі больш немагчыма рабіць (раней ужо рабілі).
Велічэзны дзякуй Сьвятлане Алексіевіч — яна ўчора перадала 1 тысячу даляраў.
Пампэрсы, вільготныя сурвэткі ёсьць. Але знаходжаньне ў Доме міласэрнасьці давядзецца аплачваць, так што сродкі патрэбныя», — кажа Натальля Саматыя.
Дапамагчы Леаніду Маракову можна, пералічыўшы сродкі на рахунак № 5351 0410 8976 2734 у МТБанку (картка дзейнічае да 02|19).
Леанід Маракоў (нар. у 1958 годзе) — інжынэр-радыёэлектронік, у 1990‑я стаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі, паэта Валера Маракова, які быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 году. Вынікам працы стала маштабнае дасьледаваньне сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі — падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-тамовы энцыкляпэдычны даведнік пад назвай «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991». Усяго сабраныя зьвесткі пра 20 тысяч ахвяраў. Леанід Маракоў — аўтар досьледу «Ахвяры і карнікі», асобна выйшла кніга зьвестак пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных сьвятароў. У 2014 годзе выйшла ягоная манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880–1940».