• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда Пальчыса палітзняволеным

    Беларускія праваабаронцы прызналі блогера Эдуарда Пальчыса палітвязням, гаворыцца ў сумеснай заяве закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава (Вільня), ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр», камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» і ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

    Яны патрабуюць вызваліць Пальчыса з‑пад варты, паколькі забеспячэнне яго яўкі ў суд можа быць гарантаванае і іншымі мерамі стрымання, не звязанымі з ізаляцыяй абвінавачанага, а таксама спыніць справу ў дачыненні да блогера па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса і забяспечыць правядзенне адкрытага судовага працэсу з захаваннем усіх гарантый справядлівага судовага разбору.

    У заяве адзначаецца, што рэдактар сайта 1863х.com Пальчыс абвінавачваецца ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

    Пасля затрымання ў лістападзе 2015 года супрацоўнікамі КДБ у рамках распачатай справы і вызвалення пад падпіску аб нявыездзе ён пераехаў ва Украіну. У студзені 2016 года Пальчыса затрымалі ў Расіі і ў канцы мая 2016 года экстрадавалі ў Беларусь, дзе ён быў узяты пад варту.

    25 жніўня 2016 года суд Цэнтральнага раёна Мінску разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага пасяджэння 9 артыкулаў, размешчаных на дадзеным сайце, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

    Праваабаронцы настойвалі на неабходнасці правядзення незалежнага аналізу тэкстаў Пальчыса і не выключалі палітычнага матыву яго крымінальнага пераследу.

    Прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый з прыцягненнем спецыялістаў у розных галінах навукі быў праведзены аналіз дзевяці тэкстаў, размешчаных на сайце 1863х.com, якія ў судовым парадку былі прызнаныя экстрэмісцкімі і ў якіх, паводле следства, змяшчаецца інфармацыя, якая распальвае расавую, нацыянальную ці рэлігійную варожасць.

    «Па выніках гэтага аналізу мы адзначаем наступнае. У адпаведнасці з арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк альбо мастацкія формы выражэння ці іншым шляхам на свой выбар», — гаворыцца ў заяве.

    У дакуменце падкрэсліваецца, што карыстанне гэтым правам накладае асаблівыя абавязацельствы і асаблівую адказнасць. «Гэта права, адпаведна, можа быць звязанае з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі для павагі і рэпутацыі іншых асоб і для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва», — гаворыцца ў заяве.

    Акрамя таго, дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркавання ўтрымліваюцца ў арт. 20 Пакта, які забараняе прапаганду вайны, выступленні на карысць нацыянальнай, расавай, рэлігійнай нянавісці, а таксама выступленні, якія ўяўляюць сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці або гвалту, падкрэсліваюць праваабаронцы.

    Улічваючы гэтыя, устаноўленыя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркавання, пры аналізе тэкстаў, якія былі размешчаны на сайце 1863х.com, даследчыкам трэба было ўстанавіць, ці трапляюць гэтыя матэрыялы пад дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркавання.

    У выніку аналізу даследчыкі прыйшлі да высновы, што змешчаная ў дзевяці артыкулах інфармацыя не ўтрымлівае прыкмет заклікаў да вайны, гвалту або выступленняў на карысць расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку або здароўю і маральнасці насельніцтва, адзначаюць праваабаронцы. «Матэрыялы ўяўляюць сабой не што іншае, як думкі аўтара адносна тых ці іншых гістарычных падзей, фактаў, утрымліваюць крытычныя заўвагі адносна геапалітычных канцэпцый і знешняй палітыкі некаторых дзяржаў. Аўтар не меў на мэце прыніжэнне прадстаўнікоў нейкіх канкрэтных нацыянальнасцяў, этнічных ці расавых груп», — падкрэсліваецца ў заяве.

    Адзначаецца, што матэрыялы аўтарства Пальчыса, якія былі размешчаныя на сайце 1863х.com, з’яўляюцца дапушчальнай формай выказвання свайго меркавання і, адпаведна, не могуць пераследвацца ў крымінальным парадку.

    «У той жа час мы адзначаем, што карыстанне свабодай выказвання меркавання накладае у тым ліку і асаблівыя абавязкі і адказнасць, у тым ліку маральную і сацыяльную, — гаворыцца ў заяве. — Забарона распаўсюджвання малюнкаў і матэрыялаў парнаграфічнага зместу з’яўляецца дапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання і мае на мэце абарону маральнасці насельніцтва. Аднак пры гэтым мы лічым, што разавае выкарыстанне ілюстрацыі з парнаграфічным малюнкам, які, на думку Пальчыса, павінен быў прадэманстраваць карыстальнікам рэсурсу 1863х.com недапушчальныя падыходы да падачы інфармацыі некаторымі вэб-рэсурсамі, з’яўлялася недальнабачным крокам, але не павінна стаць падставай для прызначэння пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. У гэтым выпадку Пальчыс не пераследаваў карыслівыя ці якія-небудзь іншыя гнюсныя мэты. Аналіз правапрымяняльнай практыкі па некаторых падобных рэзанансных выпадках сведчыць, што пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі па іх судамі не ўжывалася».

    Праваабаронцы лічаць, што ў крымінальным пераследзе Пальчыса ёсць палітычны матыў уладаў, які мае на мэце спыненне яго публічнай дзейнасці або прымус да змены яе характару.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці