Украінскага журналіста арыштавалі ў Расіі па абвінавачванні ў шпіянажы
У Маскве затрыманы карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва Укрінфарм Раман Сушчанка.
Укрінфарм — гэта аналаг беларускага агенцтва БелТА, дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва.
Пра арышт стала вядома 2 кастрычніка, калі інфармацыю пра Сушчанку выпадкова атрымалі маскоўскія праваабаронцы. Сам ён не выходзіў на сувязь з 30 верасня.
Сушчанка працаваў карэспандэнтам Укрінфарма ў Францыі.
Лефортаўскі суд Масквы арыштаваў Сушчанку па абвінавачванні ў «шпіянажы» па арт. 276 КК РФ.
47-гадовы Сушчанка сядзіць у камеры каранціннага аддзялення турмы Лефортава ў Маскве.
«Сушчанка паведаміў праваабаронцам, што пры затрыманні на яго аказвалі псіхалагічны ціск, следчы не дазволіў яму патэлефанаваць дадому і паведаміць жонцы пра свой арышт. Следства ФСБ дало яму дзяржаўнага адваката. Украінскі консул ужо пацвердзіў інфармацыю аб арышце гэтага журналіста ў Расіі», — расказалі праваабаронцы.
У турмах Расіі адбываюць пакаранне за шпіянаж на карысць Украіны Валянцін Выгоўскі, асуджаны на 14 гадоў, і Віктар Шчур, асуджаны на 12 гадоў. Акрамя таго, у турмах утрымліваецца група ўкраінцаў — грамадзяне Украіны і Расіі, якіх вінавацяць у падрыхтоўцы актаў сабатажу ў Крыме. Зняволеныя і дзясяткі крымскіх татараў, якія не прызналі далучэння паўвострава да Расіі і застаюцца вернымі ўкраінскай дзяржаве.
Агенцтва Укрінфарм назвала затрыманне Сушчанкі «спланаванай правакацыяй».