• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Антон Кашлікаў: Мы працуем для моладзі і спрабуем мяняцца разам з ёй

    Рэдактар моладзевага інтэрнэт выдання 34mag.net Антон Кашлікаў падчас сустрэчы з гродзенцамі распавёў пра змены ў канцэпцыі выдання і пра актыўнасць аўтараў па-за межамі рэдакцыі.

    Яго выступ пад час Hrod­na Media Week­end меў назву “Больш чым медыя: як стварыць вакол выдання кам’юніці чытачоў”. Выступ Антона адрозніваўся эмацыйнасцю і сабраў вялікую колькасць слухачоў.

    Чым адметны гэты часопіс і што у ім змянілася за апошнія тэрмін распавядае Антон Кашлікаў:

    — Гісторыя 34mag — гэта вельмі доўгі працэс. Мы існуем ўжо 17 год і за гэты час мы шмат разоў мянялі форму свайго існавання: ад папяровага часопіса да інтэрнэт сайта з вялікай колькасцю актыўнасці вакол яго. Для мяне вельмі важна, каб каманда людзей, што цяпер працуе ў выданні,  развівалася. У Беларусі немагчыма планаваць сваю дзейнасць на 5–10 год, таму стратэгія — рабіць тое, што нам самім цікава, і не закопвацца ў нейкіх камерцыйных праэктах. Мы хочам адчуваць спартовы азарт і выклікі, што стаяць перад намі. І гэтыя выклікі могуць быць абсалютна розныя. Напрыклад, паставіць задачу абысці канкурэнта па колькасці праглядаў ці павялічыць колькасць аўдыторыі ў сацыяльных сетках у некалькі разоў. 

    Я стаўлюся да працы на сайце як да нейкай гульні, імкнуся рабіць так, каб мне і маім калегам было цікава гэтым займацца: пісаць на нейкія тэмы, здымаць відэа, рабіць праэкты. У той момант, калі я адчую, што гэта ўсё надакучыла, буду займацца нечым іншым. Менавіта таму мы і прыдумалі 34travel.by. Гэта новы выклік і ўжо новая гісторыя.

    — Каманда з якой вы працуеце — што гэта за людзі?

    — Гэта 8–10 чалавек асноўнага складу і яшчэ прыкладна 10 чалавек, якія з намі рэгулярна супрацоўнічаюць. Сярэдні ўзрост гэтай каманды прыкладна 25–27 год. Мне 30 і я адзін з самых старых у гэтай камандзе, і гэта лагічна. У першую чаргу мы робім часопіс для маладой аўдыторыі. Калі ты сам не моладзь, то не зможаш зразумець іншае пакаленне. Таму я і стараюся перадаваць ініцыятыву тым, хто маладзей за мяне.

    — У Еўропе падымаюць узрост для моладзі, і 40 год таксама яшчэ лічацца маладымі. Ці разлічаныя вы на людзей, якія нарадзіліся ў канцы 1970‑х – пачатку 1980‑х?

    — Мы маем рэальныя лічбы. Большая наша аўдыторыя ўзростам 25–34 гады. Такі цікавы факт: калі нам самім было 20–25, большую частку нашай аўдыторыі складалі людзі 17–24 год. Аўдыторыя расце разам з намі і гэта натуральны працэс. Людзей з узростам 35–44, якія чытаюць нашу старонку, вельмі мала. Пачакаем яшчэ 5–6 год і паглядзім што будзе.

    — Думаеце, аўдыторыя будзе сталець разам з вамі?

    — Можа быць. Але мне б больш хацелася, каб 34mag у Беларусі заставаўся такім інсайдэрам. Выданнем, якое прапануе новыя рашэнні, новыя фарматы, новых герояў, новы стыль…

    17 год — вельмі шмат, але неяк увесь гэты час атрымліваецца працаваць і рабіць нешта супольнае.

    Па словах Антона Кашлікава адна з прычынаў, чаму ён завітаў ў Гродна — жаданне “вырвацца са сваёй клеткі” і прапанаваць гарадзенцам паўдзельнічаць у праектах 34mag і 34travel.

    Фота: Андрэя Мялешкі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці