Джон Сільвэр абскарджвае экстрэмізм сайту 1863x.com
Эдуард Пальчыс — заснавальнік і аўтар 1863x.com — накіраваў скаргу ў Менскі гарадзкі суд. Ён ня згодны з рашэньнем суду Цэнтральнага раёну, які прызнаў дзевяць артыкулаў ягонага сайту экстрэмісцкімі.
Эдуард Пальчыс лічыць, што суд прыняў сваё рашэньне без дасьледаваньня саміх артыкулаў, прызнаных экстрэмісцкімі, паведаміла Вікторыя, жонка Пальчыса.
Таксама Эдуард у пісьмовым выглядзе прасіў суд запрасіць яго на судовае паседжаньне 25 жніўня, паколькі разгляд заявы Сьледчага камітэту па сайце 1863x.com непасрэдна закранае правы Пальчыса як у гэтай справе, так і ў крымінальнай.
Судзьдзя Марына Казлова 25 жніўня паведаміла, што Эдуард быў належным чынам апавешчаны пра дату слуханьня, але ў судзе не зьявіўся. Таму суд прыняў рашэньне разглядаць справу безь яго.
«Тут відавочнае парушэньне яго правоў, — сказала Вікторыя Пальчыс. — Важна, каб гэта было ўсім вядома».
Зараз Менскі гарадзкі суд будзе разглядаць скаргу пра няслушнасьць прынятага рашэньня. Тое, што ў артыкулах знайшлі экстрэмізм, ёсьць доказам для крымінальнай справы таго, што Эдуард Пальчыс экстрэміст.
Па словах Вікторыі Пальчыс, Эдуарда працягваюць утрымліваць у СІЗА ў Жодзіне. Даты пасяджэньня па крымінальнай справе яшчэ не вядомая.