• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    110 гадоў беларускай прэсе. «Наша доля» святкуе юбілей

    14 верасня 1906 года. Да гэтага дня газеты на беларускай зямлі друкаваліся па-расейску, па-польску, па-габрэйску. А вось беларускай перыёдыкі не было. Але сітуацыя змянілася з выхадам першага нумару газеты «Наша доля». Яе выхад стаўся нечаканасцю для ўсіх.

    «Яе размялі ўшчэнт! Гэта сенсацыя была: беларусы выпусцілі газету!», — распавёў гісторык Анатоль Сідарэвіч.

    Выданне не толькі пашырала інфармацыю на роднай мове беларусаў. Вакол газеты гуртавалася нацыянальная інтэлігенцыя. У «Нашай долі» дэбютаваў будучы народны паэт Якуб Колас. Побач з яшчэ не закрытай газетай «Наша доля» пачалі выдаваць «Нашу ніву» У сваёй перадавіцы яна абазначыла задачу: будзіць у Беларусі Чалавека, Грамадзяніна. «Наша ніва» дала дарогу ў літаратуру Янку Купалу, Максіму Багдановічу.

    «Газета была той пляцоўкай, з якой беларускае мастацкае слова пайшло ў шырокія масы», — патлумачыў Анатоль Сідарэвіч.

    Адзін з кіраўнікоў «Нашай нівы» Антон Луцкевіч стаў ініцыятарам абвяшчэння ў 1918 годзе незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Таму, імаверна, без першых нацыянальных газет не было б і сучаснай беларускай дзяржавы.

    Але не ўсіх мэтаў дасягнулі стваральнікі і паслядоўнікі «Нашай долі». Як і 110 год таму ў краіне працягваецца палітыка русіфікацыі.

    «Сёння актуальнае вяртанне нашаму народу гістарычнай памяці, без якой грамадства не будзе паўнавартасным. Гэта будзе атамізаванае грамадства. Нацыянальная ж ідэя не толькі гуртуе соцыум, але і робіць з яго творчую нацыю», — мяркуе Арсень Ліс, доктар філалагічных навук.

    Але пакуль рэчаіснасць такая, што дзень, калі выйшла першая беларускамоўная газета, афіцыйна ў Рэспубліцы Беларусь не адзначаецца. Днём друку прызнаная не дата выхаду «Нашай долі», а дзень зʼяўлення ў свет расейскай бальшавіцкай газеты «Правда».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці