Суд дазволіў ускрыць банкаўскі сэйф Паўла Шарамета
Пячэрскі раённы суд Кіева дазволіў сьледчым, якія расьсьледуюць забойства журналіста Паўла Шарамета, ускрыць яго банкаўскі сэйф у кіеўскім аддзяленьні «Сбербанка России».
Пра гэта гаворыцца ў пастанове суду, апублікаванай у адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны.
Суд таксама дазволіў сьледчым зрабіць копіі дакумэнтаў, якія захоўваюцца ў банкаўскай ячэйцы Шарамета. У пастанове суду адзначаецца, што судзьдзя даў дазвол на ўскрыцьцё сэйфа з дакумэнтамі ў сувязі з тым, што «існуе рэальная пагроза зьмяненьня або зьнішчэньня такой інфармацыі».
Зьвесткі, якія захоўваюцца ў ячэйцы забітага журналіста, могуць быць важныя для раскрыцьця злачынства і высьвятленьня матыву зьдзяйсьненьня забойства, сказана ў пастанове.
21 жніўня намесьнік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Вадзім Траян распавёў, што Павал Шарамет і яго грамадзянская жонка Алёна Прытула паведамлялі праваахоўным органам пра тое, што за імі, магчыма, сочаць, яшчэ ў лістападзе 2015 году.
Павал Шарамет быў забіты 20 ліпеня ў цэнтры Кіева — у выніку выбуху аўтамабіля. Сьледзтва разглядае прафэсійную дзейнасьць Шарамета як асноўную вэрсію ягонага забойства.