Лабадзенка: United Company адмовілася пераключаць “Россия 24”. Звяртаюся ў Мінінфармацыі!
Беларускі блогер і журналіст Глеб Лабадзенка на сваёй старонцы ў Facebook распавёў гісторыю, якая здарылася на адной з аўтазаправак кампаніі “United Company”.
Па просьбе кліента, супрацоўнікі кампаніі адмовіліся пераключыць тэлевізар, усталяваны на аўтазапраўцы, з тэлеканалу “Россия 24” на любы беларускі.
– Я звярнуўся да дырэктара аўтазапраўкі, якая размяшчаецца пад Стоўбцамі, з просьбай патлумачыць дзеянні супрацоўнікаў. Дырэктар Віталь Вітальевіч Кулак пацвердзіў, што ёсць загад кіраўніцтва не пераключаць канал “Россия 24”, каб на запраўцы ішоў толькі ён. Прычыну такога рашэння ён ўцямна патлумачыць не змог. Сказаў, “мы так вырашылі, бо на гэтым канале людзі найпаўней дазнаюцца навіны з усяго свету”, – распавёў Лабадзенка прэс-службе ГА “БАЖ”.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” не здолела дазваніцца да дырэктара дадзенай запраўкі, па нумары, названым Лабадзенкам. У цэнтральным офісе кампаніі таксама не сталі каментаваць сітуацыю, папрасіўшы накіраваць пісьмовы запыт.
У сваю чаргу Глеб Лабадзенка ўжо звярнуўся ў Міністэрства інфармацыі Беларусі з просьбай паспрыяць беларусізацыі тэлеэфіру на запраўках дадзенай кампаніі. Таксама блогер заклікаў сяброў байкатаваць запраўкі “United Company”.
Фота agrohome.by