Алена Анісім: Калі БАЖ захоча, можам ініцыяваць парламенцкія слуханні па тэме свабоды слова
Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, супрацоўніца Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук, а цяпер і дэпутат парламенту Алена Анісім, хутка стала медыйнай персонай. Як складваюцца адносіны ў палітыка новай хвалі з журналістамі і на што будзе звяртаць увагу ў сваёй працы спадарыня Алена расказала прэс-службе ГА “БАЖ”.
Алена Анісім запэўніла, што гатовая да пільнай ўвагі журналістаў, зрэшты да гэтага адносіны з прэсаю ў яе складвалі прыязна і прэтэнзій да супрацоўнікаў медыяў няма.
“Я фармірую спіс памочнікаў і дарадцаў, на першы час сама буду вырашаць як кантактаваць з журналістамі. Але для мяне заўсёды важныя шчырасць і адкрытасць, пазітыўнасць. Думаю, журналісты таксама гэта цэняць у працы са мною”, — гаворыць Алена Анісім.
Яна прызнае, што публічнасць вымагае некаторых карэктыровак у паводзінах:
“Безумоўна, як усякай жанчыне даводзіцца сачыць за сабой. Але гэта пытанне, якое для ўсіх мае рознае значэнне. Калі людзі акцэнтуюць увагу на асобе, на яе справах, то гэта добра. Калі пачынаюць факусавацца на нейкіх дробных момантах, то кантакту можа не атрымацца”.
Алена Анісім, якая, да слова, з’яўляецца і сябрам ГА “БАЖ”, гаворыць, што для, як для навукоўца, было б лагічна працягваць сваю працу ў камісіі па адукацыі, культуры і навуцы. Тым больш і навуковыя колы зацікаўленыя ў тым, каб быў прадстаўнік у парламенце. “ТБМ працуе над канцэпцыяй нацыянальнага ўніверсітэта, таму буду імкнуцца патрапіць у гэтую камісію”, — тлумачыць спадарыня Алена.
Яна гаворыць, што не супраць падчас парламенцкай працы надзяляць увагу тэме свабоды слова ў Беларусі.
“Але, каб я падняла гэтае пытанне, мушу мець усе падрыхтаваныя матэрыялы, дакументы. Калі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» будзе мець такія намеры, можам ініцыяваць парламенцкія слуханні па гэтай тэмае”, — сказала Алена Анісім.