Рэдактара “Вольнага горада” выклікалі ў міліцыю з‑за публікацыі скрыншоту відэа
Рэдактара незалежнай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага 21 верасня выклікалі ў Крычаўскі РАУС. Падставай для выкліку паслужыла заява ў РАУС грамадзянкі Каплуновай.
Участковы інспектар Аляксей Канашэнка, які праводзіў апытанне, патлумачыў журналісту, што яго суседка па доме Святлана Каплунова напісала заяву ў міліцыю на дзеянні Сяргея Няроўнага.
У заяве Святлана Каплунова абвінаваціла журналіста ў тым, што
“Няроўны без яе згоды надрукаваў пра яе ў газеце, а яна не хоча быць у апазіцыі”.
Каплунова просіць прыцягнуць Сяргея Няроўнага да адказнасці.
Падставай для заявы паслужыла фота ў газеце “Вольны горад”, узятае з сайта тэлеканала “Белсат”. Здымачная група гэтага тэлеканала прыязджала ў Крычаў, каб зняць рэпартаж пра капітальны рамонт у праблемным доме ў мікрараёне “Сож”. Святлана Каплунова найбольш актыўна распавядала журналістам пра праблемны дом, бо лічыла, што здымачная група прыехала з дзяржаўнага беларускага тэлебачання.
Па словах Сяргея Няроўнага, Аляксей Канашэнка падчас апытання паводзіў сябе тактоўна. Вялікай увагі дзеянням здымачнай групы тэлеканала “Белсат” супрацоўнік міліцыі не надаваў.
Сяргей Няроўны лічыць, што газета “Вольны горад” ніякім чынам не парушыла беларускае заканадаўства. Фота ўзята з сайта “Белсата” і ніякага дазволу на яго публікацыю ў Святланы Каплуновай прасіць не трэба, бо гэта абсурд.