• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тры базавых: Лоеўскі раённы суд аштрафаваў фрылансера Кастуся Жукоўскага за хуліганства

    28 ліпеня ў Лоеўскім раённым судзе скончыўся разгляд адміністрацыйнай справы гомельскага журналіста-фрылансера, сябра ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага, абвінавачанага ў хуліганстве (17.1 КаАП). Суддзя Антаніна Музычэнка пастанавіла аштрафаваць Жукоўскага на тры базавыя велічыні  (63 дэмінаваных рублі). Гэта мінімальнае пакаранне.

    Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка прысутнічаў на папярэднім пасяджэнні суда ў Лоеве і праглядаў відэазапіс інцыдэнту з фрылансерам, зафіксаваны міліцэйскай камерай назірання:

    – Думаю, што суддзя сама не ўпэўнена ў тым правапарушэнні, у якім міліцыя абвінаваціла Жукоўскага. Відэазапіс дакладна паказвае, што Жукоўскі не хуліганіў. Там ёсць некаторыя прыкметы непадпарадкавання, але хуліганства дакладна няма.

    Лоеўская міліцыя 21 чэрвеня затрымала Кастуся Жукоўскага разам з фрылансерам Аляксеем Атрошчанкам падчас відэаздымкаў мясцовага камбіната будаўнічых матэрыялаў.

    Разбірацца з фрылансерамі спачатку прыехалі намесніца старшыні па ідэалогіі Лоеўскага райвыканкама Наталля Кавурава і кіраўніца справамі райвыканкама Ірына Пастухова. Неўзабаве туды пад’ехалі двое супрацоўнікаў ДАІ, паколькі Жукоўскі з Атрошчанкам прыехалі ў Лоеў на прыватным легкавіку. А яшчэ праз пэўны часу на службовай аўтамашыне з двума афіцэрамі прыбыў начальнік РАУС Уладзімір Бухаўцоў, запатрабаваўшы “спыніць незаконныя відэаздымкі”.

    Фрылансераў затрымалі, прывезлі ў раённы аддзел міліцыі. Да Жукоўскага міліцыянты ўжывалі гвалт і нанеслі цялесныя пашкоджанні. Фрылансер з гэтай прычыны напісаў заяву ў раённы аддзел Следчага камітэта, які яшчэ не скончыў праверку.

    У сваю чаргу, міліцыя склала на затрыманых журналістаў-фрылансераў шэсць адміністрацыйных пратаколаў, асабіста ў дачыненні да Жукоўскага – чатыры: абраза чыноўніц райвыканкама, непадпарадкаванне і абраза першага намесніка начальніка міліцыі Генадзя Маджары, а таксама хуліганства.

    Суддзя Антаніна Музычэнка тры пратаколы вярнула ў міліцыю на дапрацоўку, а на падставе чацвёртага (хуліганства) вынесла Жукоўскаму, па сутнасці, мінімальны штраф.

    Кастусь Жукоўскі будзе абскарджваць яго ў вышэйшай судовай інстанцыі.

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці