• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Труна з целам Паўла Шарамета дастаўлена ў мінскі храм Усіх Святых

    Труна з целам Паўла Шарамета дастаўлена ў мінскі храм Усіх Святых (вул. Каліноўскага, 121).Развітацца з Паўлам Шараметам можна  ў гэтым жа храме  ў суботу з 11 да 14 гадзіны. Пасля гэтага працэсія накіруецца на Паўночныя могілкі, дзе Паўла Шарамета пахаваюць побач з бацькам.

    Цела Паўла Шарамета, які загінуў у Кіеве, прывезлі чартэрным авіярэйсам з Кіева, дзе сёння прайшла цырымонія развітання з ім. Развітацца з Шараметам прыйшлі сотні людзей, у тым ліку прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, дэпутаты парламента, міністры. Жалобная цырымонія праходзіла з 11 да 14 гадзін у цэнтры «Украінскі дом».

    Развітацца з Паўлам у Мінску можна будзе 23 ліпеня з 11.00 да 14.00. Пахаваюць журналіста на Паўночных могілках побач з яго бацькам.

    44-гадовы журналіст беларускага паходжання Павел Шарамет, які апошнія пяць гадоў жыў і працаваў ва Украіне, загінуў у Кіеве раніцай 20 ліпеня ў выніку падрыву машыны. Выбух адбыўся ў 7.45 на рагу вуліцы Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка, насупраць рэстарана McDon­alds. Шарамет паспеў праехаць некалькі дзясяткаў метраў. Машына належала сузаснавальніцы выдання «Украінская праўда» Алёне Прытуле, але яе ў аўтамабілі не было. Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, спрацавала выбухоўка магутнасцю 400—600 г у тратылавым эквіваленце.

    Нацыянальная паліцыя Украіны распачала па факце гібелі журналіста крымінальную справу па артыкуле «Наўмыснае забойства». Следства распрацоўвае некалькі версій забойства, сярод якіх — прафесійная дзейнасць, непрыязнасць ў адносінах або асабістыя матывы, рускі след (дэстабілізацыя сітуацыі), замах на Алёну Прытулу. Паводле папярэдніх даных, выкарыстоўвалася выбуховае прыстасаванне з дыстанцыйным кіраваннем, якое было прымацавана пад вадзіцельскім сядзеннем.

    Прэм’ер-міністр Уладзімір Гройсман на пасяджэнні ўрада 22 ліпеня выказаў надзею на тое, што праваахоўнікі змогуць эфектыўна раскрыць забойства журналіста. «Сілавыя структуры разумеюць сваю надзвычайную адказнасць, разумеюць, што гэта вельмі няпростая справа, — сказаў Гройсман. — Я дакладна ведаю, што праваахоўнікі сёння не спяць па начах, каб раскрыць гэтае жудаснае забойства. І я адчуваю сваю адказнасць за тое, каб зрабіць гэта як мага хутчэй». Прэм’ер-міністр назваў тое, што адбылося, выклікам украінцам, усёй краіне і праваахоўнай сістэме. «Веру ў тое, што сілавікі прыкладуць усе намаганні, каб раскрыць гэтае злачынства і пакараць вінаватых», — падкрэсліў ён.

    Як паведамлялася раней, да расследавання падключыліся супрацоўнікі ФБР, якія прыбылі ў Кіеў і аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці