80-гадовага мінчука паўторна звінавацілі ў знявазе прэзідэнта і прадпісалі прымусовае лекаванне
12 ліпеня суд Фрунзенскага раёна г. Мінска (суддзя Аляксандр Лукашэвіч) прызнаў пенсіянера Аляксандра Лапіцкага асобай, што здзейсніла грамадска небяспечны ўчынак паводле некалькіх артыкулаў крымінальнага кодэксу аб абразе. Разам з тым, яго вызваляюць ад адказнасці – бо ён, паводле суда, не аддаваў сабе справаздачы ў зробленым – і адпраўляюць на прымусовае лекаванне.
Гэта паўторнае рашэнне суда па справе Лапіцкага. У першы раз аналагічную пастанову вынесла 12 красавіка г.г. суддзя Фрунзенскага райсуда Юлія Блізнюк. Лапіцкі падаў касацыйную скаргу на гэтае рашэнне, і 3 чэрвеня Мінскі гарадскі суд яе задаволіў, адправіўшы справу на новы разгляд.
Крымінальную справу ў дачыненні да Лапіцкага ўзбудзілі па артыкулах 391, 368 і 369 Крымінальнага кодэкса (“Абраза суддзі альбо народнага засядальніка”, “Абраза прадстаўніка ўлады”, “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”). Яго віна заключалася ў тым, што на працягу апошніх гадоў ён нібыта рассылаў са сваёй электроннай скрыні ў розныя органы дзяржаўнай улады паведамленні з абразамі.
Паводле Алега Волчака, кіраўніка арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” (Україна), у якасці зняважаных у справе фігуруюць некалькі суддзяў Мінскага гарадскога суда, Фрунзенскага раённага суда, супрацоўнікаў пракуратуры г. Мінска, Генеральнай пракуратуры і ўласна кіраўнік дзяржавы.
Правабаронцы і адвакат будуць рыхтаваць прыватную скаргу ў Мінгарсуд, які павінен цягам месяца разгледзець яе. Калі ён палічыць рашэнне законным, яно ўступіць у законную сілу, і тады міліцыя можа прымусова даставіць Лапіцкага ў рэспубліканскі псіхіятрычны шпіталь у Навінках.
“Там яго будуць лекаваць пад наглядам урачоў, хаця адвакат слушна заўважыў: чалавек сам прыходзіць, кантактуе з прэсай, з людзьмі – у чым яго “грамадская небяспека”? Там жа яго не проста кладуць у шпіталь, а будуць даваць медпрэпараты, якія могуць уплываць на галаўны мозг”, – падкрэсліў Алег Волчак у гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ”.
“Рашэнне пра прымусовую шпіталізацыю Аляксандра Лапіцкага варта прымаць, зыходзячы выключна з меркаванняў бяспекі грамадзян і самога Аляксандра Лапіцкага, а пры адсутнасці такіх пагрозаў – не замахвацца на яго асабістую свабоду”, – заяўлялі пасля першага суда над Лапіцкім прадстаўнікі закрытага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна”.