Журналісты Нарвегіі, Швецыі, Даніі і Фінляндыі заклікалі Ананіч паважаць правы беларускіх фрылансераў
Удзельнікі семінара журналістаў Паўночных краін, што праходзіў у горадзе Ільстэра (Нарвегія), днямі звярнуліся да міністра інфармацыі Беларусі з заклікам паважаць працоўныя правы журналістаў-фрылансераў, спыніць ціск на іх і адмяніць абавязковую акрэдытацыю.
Зварот падпісалі больш за сорак удзельнікаў семінара, у тым ліку прэзідэнт Нарвежскага саюза журналістаў Томас Спэнс. У сваім звароце журналісты Паўночных краін адзначаюць, што закон Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі” не ўтрымлівае панятку “журналіст”. Замест гэтага ў ім ужываецца нашмат больш вузкае паняцце “журналіст СМІ”.
“Гэта супярэчыць нормам Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе свабоду выказвання і распаўсюду інфармацыі (артыкул 34), а таксама міжнародным абавязальніцтвам Беларусі. Фактычная адмова беларускіх уладаў прызнаць існаванне журналістаў-фрылансераў, што пастаянна не супрацоўнічаюць ні з якім пэўным СМІ, стварае сур’ёзную праблему для гэтых медыя-працаўнікоў”, – гаворыцца ў звароце.
У сувязі з гэтым журналісты-фрылансеры з Нарвегіі, Даніі, Фінляндыі і Швецыі:
- выказваюць салідарнасць з журналістамі-фрылансерамі Беларусі і падтрымліваюць ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” у барацьбе за роўныя правы ўсіх журналістаў на ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці ў Беларусі;
- заклікаюць беларускія афіцыйныя ўлады паважаць працоўныя правы журналістаў-фрылансераў і неадкладна спыніць ціск на журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, – у прыватнасці, спыніць практыку іх прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці;
- патрабуюць ад беларускіх афіцыйных уладаў ініцыяваць адмену абавязковай прэсавай акрэдытацыі для ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці ў Беларусі як супярэчную Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь.
Зварот журналістаў Паўночных краін быў поштай скіраваны на адрас Міністэрства інфармацыі Беларусі.