БАЖ прапануе ЦВК сваіх кандыдатаў у Назіральную раду па СМІ
Журналісты прапануюць уключыць Андрэя Бастунца і Алега Агеева ў Назіральную раду па кантролі за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарнай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце на імя старшыні Цэнтравыбаркама Лідзіі Ярмошынай, які ГА “БАЖ” перадало ў ЦВК 1 ліпеня.
Нагодай для звароту стала прыняцце пастановы пра стварэнне Назіральнай рады, а таксама каментар спн. Ярмошынай з гэтай нагоды.
“У інтэрв’ю “Радыё Свабода” Вы паведамілі, што ўсе кандыдаты ў гэты кансультатыўны орган былі вылучаны Міністэрствам інфармацыі, – гаворыцца ў лісце ГА “БАЖ”. – Вы дадалі, што ў выпадку, калі “альтэрнатыўны саюз журналістаў” (ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”) вылучыць сваіх прадстаўнікоў для ўключэння ў склад Назіральнай рады, то гэтыя прапановы будуць разгледжаны”.
Таму Праўленне арганізацыі вырашыла прапанаваць для ўключэння ў склад Назіральнай рады старшыню ГА “БАЖ” Андрэя Бастунца і сябра Праўлення, юрыста Алега Агеева.
“Абодва прадстаўнікі ГА “БАЖ” маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю і вялікі досвед працы ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, правядзення маніторынгу асвятлення выбараў у СМІ, – даводзіць журналісцкая арганізацыя, заклікаючы разгледзець гэты зварот на бліжэйшым пасяджэнні ЦВК.