Судаленка VS «Белорусская военная газета»: Экспертыза не знаходзіць знявагаў
9 чэрвеня cуд Цэнтральнага раёна Мінска працягваў разгляд грамадзянскай справы гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Ён патрабуе абвяржэння звестак, распаўсюджаных у “Белорусской военной газете”.
Суадказчыкамі ў позве фігуруюць журналіст выдання Уладзімір Кажэўнікаў і дзяржаўная ўстанова “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” (“Белорусская военная газета” – адна з трох рэдакцый, што ўваходзяць у склад агенцтва “Ваяр”).
Леанід Судаленка і Уладзімір Кажэўнікаў на суд з’явіцца не змаглі. Прадстаўнік Судаленкі юрыст Алег Агееў прапанаваў скончыць справу мірам пры ўмове, што газета надрукуе матэрыял пра правы ваеннаслужачых альбо вынікі лінгвістычнай экспертызы спрэчнай публікацыі. Начальнік агенцтва “Ваяр” палкоўнік Аляксей Пашкевіч адмовіўся.
Абодва бакі хадайнічалі пра далучэнне дадатковых матэрыялаў да справы: пазоўца далучыў шэраг дакументаў, якія тлумачаць сутнасць дзейнасці праваабаронцаў, а адказчыкі – вынікі лінгвістычнай экспертызы артыкула. Спецыяліст Цэнтра даследванняў беларускай літаратуры і культуры Нацыянальнай акадэміі навук, доктар філалагічных навук Аляксандр Лукашанец прыйшоў да высновы, што ў артыкуле адсутнічае знявага гонару і годнасці праваабаронцы, а ацэначныя выказванні спісаў на “публіцыстычны стыль”. Суддзя Марына Казлова задаволіла хадайніцтва Алега Агеева пра выклік эксперта-лінгвіста ў суд.
Яна таксама паведаміла, што ў Міністрэства інфармацыі накіраваны запыт пра месцазнаходжанне інфармацыйнага рэсурса, з якога Кажэўнікаў працягвае размяшчаць публікацыі пра Судаленку.
Працяг разгляду – 16 чэрвеня а 16.30.
Нагадаем: праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка ў красавіку звярнуўся ў суд з позвай аб прызнанні несапраўднымі і абвяржэнні звестак, распаўсюджаных у “Белорусской военной газете”.
Гаворка ідзе пра публікацыю ад 10 сакавіка 2016 г. “Кому выгодно порочить белорусскую армию?”. Артыкул тычыўся інцыдэнту з уцёкамі двух жаўнераў з размешчанай у Брэсце вайсковай часткі №92616 з‑за збіцця і пагрозаў. Леанід Судаленка тады выступіў ініцыятарам звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.
У публікацыі “Кому выгодно порочить белорусскую армию?” гаварылася, што праваабаронца займаецца “антыармейскай агітацыяй”, “даносамі”, “ганьбіць сваю краіну” і “разбурае грамадства”. (Цытаты можна прачытаць ТУТ).
Судаленка лічыць, што гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Ён звяртаўся ў рэдакцыю з прапановай выбачыцца і апублікаваць абвяржэнне, аднак начальнік дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” палкоўнік Аляксей Пашкевіч вырашыў, што падстаў для гэтага няма.
Першая сустрэча ў судзе адбылася 16 мая. Між тым, Кажэўнікаў працягвае публікаваць у сацыяльных сетках зневажальныя нататкі на адрас праваабаронцаў. Пасля гэтага, праваабаронца дапоўніў сваю ранейшую позву да Уладзіміра Кажэўнікава аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі патрабаваннем аб спагнанні маральнай шкоды на суму 99 млн. рублёў.