Журналіст і блогер Лявон Карповіч выпусціў кнігу “Маё мястэчка Луна-Воля”
У кнізе жыхара Мастоўшчыны, краязнаўца Лявона Карповіча можна даведацца цікавыя гісторыі цудоўнага заходнебеларускага мястэчка, спрычыніцца да таямніц амаль забытых падзей і гістарычных фактаў.
Як стваралася кніга, Лявон Карповіч распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ”:
– Спачатку пра кніжку гаворкі не вялося. Дзякуючы Язэпу Палубятку – журналісту і грамадскаму дзеячу з Мастоў – у 2002 годзе я пачаў друкавацца ў яго выданні “Мастоўскі веснік”. Ён тады прапанаваў знаёмым з розных куткоў Мастоўшчыны перадаваць краязнаўчыя матэрыялы ў выданне. Так я пачаў збіраць звесткі пра Лунна, і мае першыя даследаванні пабачылі свет. Гэта вельмі стымулявала.
– Што цікавага можна даведацца ў кнізе пра ваша мястэчка?
– У тут ёсць такое месца, якое называецца Яблынова. А вёскі такой няма. Ёсць Шчэчыцы, Кучыцы… Адкуль гэта, чаму? Такія пытанні паўстаюць у Лунна на кожным кроку. І дамы ў нашым мястэчку стаяць вельмі шчыльна – як у Венецыі. Нідзе нічога падобнага я не бычыў і нідзе не знаходзіў адказу – ні ў літаратуры, ні ў энцыклапедыях. Толькі пазней я даведаўся, што гэта габрэйскія дамы. А габрэям валодаць зямлёю было забаронена – ім прадавалі ўчасткі толькі пад дамы, і таму яны куплялі столькі зямлі, колькі дом займаў…
Кнігу Лявона Карповіча выпусціла ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка”, распачаўшы серыю “Краязнаўцы Беларусі”.
Аўтар запрашае ўсіх зацікаўленых у гісторыі Беларусі на свае прэзентацыі, якія адбудуцца у самым мястэчку Лунна, а таксама ў Гродне.