Школа талерантнасці — 2.0
Цягам трох дзён у Варшаве ладзілася “Школа талерантнасці для беларускіх журналістаў — 2.0”. Гэтым разам тэма была вызначана як “Ад мовы варожасці ў СМІ да злачынстваў на глебе нянавісці. Філасофскія асновы “забойства словам”.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла ініцыятыва “Журналісты за талерантнасць”. Трэнеры і ўдзельнікі “Школы” абмяркоўвалі пытанне “мовы варожасці”, што ў сучасным свеце актыўна выкарыстоўваецца не толькі палітыкамі, але і сродкамі масавай інфармацыі.
Розныя моўныя прыёмы спараджаюць ксенафобію, аб’ектамі “мовы варожасці” становяцца людзі залежна ад расы, грамадзянства (этнічнасці), веравызнання, асобы з інваліднасцю. Таксама прычынаю нападак, адкрытых ці прыхаваных, могуць быць палавая прыналежнасць, гендэрная ідэнтычнасць, сэксуальная арыентацыя ды іншыя асаблівасці чалавека ці сацыяльнай групы.
Вялікае ўражанне на ўдзельнікаў “Школы” аказала відэалекцыя ўжо даўно пайшоўшага з жыцця польскага праваабаронцы Марэка Навіцкага “Што такое правы чалавека”. Ягоная галоўная выснова тычылася таго, что “правы і свабоды чалавека выяўляюцца выключна ва ўзаемадачыненнях чалавека з дзяржаваю. І суб’ектам гэтых узаемадачыненняў з’яўляецца менавіта чалавек, бо правы чалавека — гэта правы індывідуальныя, а не калектыўныя.
Падчас працы “Школы” аглядаліся такія тэмы, як, да прыкладу, талерантнасць і правы чалавека ды іх адлюстраванне ў міжнародных дакументах. Пра канадскую эвалюцыю талерантнасці ды прыняцце прадстаўнікоў уразлівых сацыяльных груп на прыкладзе ЛГБТ распавёў эксперт з “краіны кляновага ліста” Роберт Мілкавіч, а ролю культурніцкіх ініцыятываў у зніжэнні ўзроўню “мовы варожасці” асвятляў прадстаўнік шведскай арганізацыі “ТУПІЛАК” радыёжурналіст Біл Шылер.
Важную тэму небяспекі падбухторвання да злачынстваў на глебе нянавісці праз выкарыстанне “мовы варожасці” акрэсліў прафесар Ланкастэрскага ўніверсітэта з Велікабрытаніі Поль Іганскі. Адзін з заснавальнікаў Антыдыскрымінацыйнай кааліцыі Польшчы Мацей Кулак падзяліўся досведам, як можна стварыць арганізацыю па вырашэнні пытанняў дыскрымінацыі ў дачыненні да канкрэтных асобаў, даводзіць справы да суда і перамагаць.
Пра важнасць наяўнасці ў краіне антыдыскрымінацыйнага заканадаўства для захавання правоў уразлівых сацыяльных груп, пра сутнасць і асаблівасці такога заканадаўства казала Ана Фуртуна — прадстаўніца Civil Rights Defenders (Швецыя-Малдова). Яна паведаміла, што ў той жа Малдове з нядаўняга часу існуе такое заканадаўства, але многія дэпутаты парламента і ўрадоўцы ўспрымаюць яго як выключна накіраванае на зябеспячэнне правоў ЛГБТ-супольнасці, хоць дыскрымінацыі падвяргаюцца людзі з практычна ўсіх сацыяльных груп — ад тых, хто мае абмежаваныя фізічныя магчымасці, да звольненых з працы па волі працадаўцаў і гэтак далей. Некаторыя малдоўскіх палітыкі нават патрабуюць адмены гэтага заканадаўства.
Тры дні працы “Школы”, дзякуючы арганізатарам і цікавым трэнерам, праляцелі бы адзін момант. Развітваючыся, удзельнікі мерапрыемства — з Беларусі, Швецыі, Канады і Польшчы — выказалі надзею на новую сустрэчу, не менш плённую за варшаўскую. Бо праблем для абмеркавання яшчэ безліч.