Развітанне з Паўлам Шараметам у Мінску (відэа)
У Мінску развіталіся з журналістам Паўлам Шараметам, які быў забіты ва Украіне 20 ліпеня.
На развітанне прыйшлі сотні чалавек. Плынь людзей на працягу дзвюх гадзін не спынялася.
Труна з целам Паўла Шарамета была дастаўлена з Кіева ў Мінск чартэрным рэйсам у суправаджэнні ўкраінскай дэлегацыі, у складзе якой прэс-сакратар Пятра Парашэнкі Святаслаў Цэголка. Напярэдадні ў Кіеве прайшла цырымонія развітання з журналістам.
У Беларусі людзі правялі Паўла воклічамі «Жыве Беларусь!» і апладысментамі.
На Паўночных могілках пасля невялікай цырымоніі развітання і кароткай прамовы Паўла Шарамета пахавалі побач з бацькам.
Журналіст Павел Шарамет загінуў раніцай у сераду, 20 ліпеня 2016 года, у выніку падрыву аўтамабіля. Выбух адбыўся у 7:45 раніцы, калі журналіст выехаў з дому і праехаў некалькі дзясяткаў метраў.