Мінчука адправілі на прымусовае лячэнне пасля абразаў на адрас Прэзідэнта
12 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска вызваліў 79-гадовага жыхара сталіцы Аляксандра Лапіцкага ад крымінальнай адказнасці па артыкулах 391, 369, 368 Крымінальнага кодэкса (“Абраза суддзі альбо народнага засядальніка”, “Абраза прадстаўніка ўлады”, “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”) у сувязі з тым, што злачынства было здзейсненае грамадзянінам у стане неадэкватнасці.
Разам з тым суддзя Юлія Блізнюк прызнала мінчука псіхічна хворым і вынесла пастанову накіраваць яго на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Інфармацыю пра гэта ГА “БАЖ” паведаміла памочніца старшыні Мінскага гарадскога суда Анастасія Шыльвян.
– Віна Лапіцкага нібыта заключалася ў тым, што напрацягу апошніх гадоў ён рассылаў электронныя паведамленні ў розныя органы дзяржаўнай улады, у якіх нібыта былі знойдзеныя абразы, – расказаў прэс-службе ГА “БАЖ” праваабаронца Алег Волчак, які прысутнічаў на працэсе.
На думку Волчака, судовае рашэнне, вынесенае за адзін дзень, не з’яўляецца абгрунтаваным і адэкватным.
Адметна, што разам з пастановай суддзя вынесла прыватнае вызначэнне на адрас ТАА “Тут Бай Медиа”, на партале якога зарэгістраваная электронная паштовая скрыня, з якой Лапіцкі рассылаў уласныя паведамленні. Суддзя прадпісала ТАА “Тут Бай Медиа” спыніць доступ да электроннай паштовай скрыні з поўным яе выдаленнем.
Па словах Алега Волчака, бок абароны збіраецца абскардзіць вынесенае рашэнне, на што мае 10 дзён.
Закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр «Вясна» 12 красавіка выступіў з заявай з нагоды судовага рашэння, пратэстуючы супраць крымінальнага пераследу за дыфамацыйныя формы выказвання меркавання.