Дзмітрый Кісялёў не адчувае віны за тое, што адбылося на Данбасе
У Мінск прыехаў гендырэктар МІА «Россия Сегодня», вядомы прапагандыст Дзмітрый Кісялёў. Учора ён сустрэўся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, а сёння ў Доме Масквы праходзіць сустрэча з журналістамі. У сустрэчы бярэ ўдзел міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.
«Мы працуем у Беларусі даўно, а сёння адкрываем новую прастору [беларускі партал «Спутнік» уваходзіць у структуру «Россия сегодня», — сказаў Дзмітрый Кісялёў. — Мэты прысутнасці ў Беларусі не адрозніваюцца ад мэтаў працы ў свеце — фармаванне справядлівага вобразу Расіі. Мы сябе не аддзяляем ад братэрскага беларускага народу. Хочам, каб у вас была магчымасць развівацца без перашкод звонку», — даказваў Кісялёў.
Лілія Ананіч заявіла, у сваю чаргу, што распрацоўваецца план супольнай інфармацыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы.
Задаў пытанне Кісялёву і журналіст «Нашай Нівы». У Беларусі заведзена 135 крымінальных спраў на грамадзян, што бралі ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне, сказаў ён. Адзін з хлопцаў, што ваявалі за ДНР, прызнаў у інтэрв’ю «НН», што адправіўся ваяваць пад уздзеяннем праграм тэлеканала «Расія». 9000 чалавек загінула ва Украіне. Ці адчуваеце вы віну за смерць гэтых людзей, — спыталіся мы.
Кісялёў у адказ сказаў, што не адчувае віны за пераварот, за касетныя бамбёжкі мірнага насельніцтва і за развязаную грамадзянскую вайну. Ён таксама дадаў, што ў карэспандэнта «Нашай Нівы» сумбур у галаве.
Дай бог здароўя рускаму міру, сказаў Кісялёў. Ён аказвае «облагоражіваюшчее воздействіе» на свет, мяркуе ён.
Адказваючы на наступнае пытанне радыё «Свабода», Кісялёў абрынуўся на «Свабоду» з крытыкай. Сказаў, што «Свабода» займаецца бруднай журналістыкай, супраць якой выступае «Россія сегодня». А ўся рэч у тым, што «Свабода» спытала пра афшоры Пуціна. Па сутнасці ж Кісялёў сказаў, што «давярае прэзідэнту».
У сваю чаргу, міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч зазначыла, што галоўнае, каб журналістыка заставалася чэснай і неперадузятай, бо ў час інтэрнэту праўда абавязкова вылезе. Не напіша адзін, дык напіша другі, сказала яна.
«На Захадзе вобраз Беларусі складаецца са штампаў, гэта прымітыўны вобраз», — перакананы Кісялёў. А «Спутнік» будзе прасоўваць яе пазітыўны вобраз, запэўніў ён.
У той жа час Кісялёў адзначыў, што ён не бачыць прыкмет інфармацыйнай і прапагандысцкай вайны ў Беларусі і Расіі. «Мы не прапагандысты, — сказаў ён. — Інфармацыйна-прапагандысцкія войны вядуць ЗША».
Информагентство «Россия сегодня» открыло в Минске мультимедийный пресс-центр Sputnik