Журналіст Сямашка пасьля інтэрвію для Свабоды страціў працу на «Спутніку»
Пасьля публікацыі на сайце Свабоды інтэрвію зь менскім журналістам Васілём Сямашкам пра ягоную паездку на акупаваную частку Данбасу пад назвай «У ДНР людзей катуюць? А ў менскай міліцыі людзей не катуюць?» у Васіля зьявіліся непрыемнасьці.
«Пасьля таго як Радыё Свабода апублікавала са мной інтэрвію, мяне звольнілі зь беларускага „Спутника“, — паведаміў сам Сямашка ў Фэйсбуку. — Нейкіх забаронаў даваць інтэрвію ў дамове, на падставе якой я там працаваў, не існуе. Інфармацыя, якую я даў у інтэрвію, не зьняпраўджаная, ніякіх таямніц я не выдаваў, нікога не абразіў. Прычына звальненьня, якую я пачуў, — гэта тое, што ў інтэрвію са мной Радыё Свабода ўзгадала „Спутнік“, а гэта ёсьць дрэнна. Цяпер я шукаю працу».
Кіраўнік расейскага інфармацыйнага рэсурсу «Спутник» у Менску Андрэй Качура гэтак пракамэнтаваў Свабодзе заяву журналіста:
«У нас Васіль ніколі ня быў у штаце, і я яго не мог звольніць фізычна. Наколькі я ведаю, ён супрацоўнічае і з Радыё Свабода, і ягоных матэрыялаў на Свабодзе ёсьць больш, чым на „Спутнику“, але ж вы не называеце яго сваім карэспандэнтам? Да прыкладу, апошні матэрыял, прысьвечаны Данбасу, ён апублікаваў на Свабодзе, там і фатаздымкі ягоныя, але сваім карэспандэнтам вы яго не называеце. Я хацеў бы паглядзець загаловак, што карэспандэнт Свабоды возіць дабрачынную дапамогу на Данбас.
Мы па праўдзе кажам: вельмі шырокае кола карэспандэнтаў прыцягваем да супрацоўніцтва. У нас ня толькі Васіль публікуецца, у нас публікуюцца многія беларускія журналісты. Так, сапраўды, мы зь ім супрацоўнічалі і ён у нас апублікаваў шэраг матэрыялаў. Але Васіль у нас у штаце ніколі ня быў. І калі палічыць тую колькасьць матэрыялаў, якія ён апублікаваў на іншых рэсурсах, то называць яго карэспандэнтам „Спутника“, я думаю, будзе няправільна. Свой ганарар ён атрымаў, і разьвіталіся мы зь ім узаемна ветліва — што ў гэтым трагічнага? Працоўную кніжку мы ў яго ня бралі, нікуды яго не адпраўлялі адмыслова. Мы ведалі, што ён сапраўды паехаў рыхтаваць матэрыялы, і скарысталіся такой магчымасьцю, апублікаваўшы адзін з гэтых матэрыялаў. Другі матэрыял апублікавалі вы, так што мы з вамі тут у аднолькавых умовах».