«Міжнародная амністыя»: улады Беларусі працягваюць пераслед журналістаў
У Беларусі працягваюць парушаць правы чалавека, гаворыцца ў новым штогадовым дакладзе «Правы чалавека ў сучасным свеце», падрыхтаваным праваабарончай арганізацыяй "Міжнародная амністыя" па выніках 2015 года.
У дакуменце гаворыцца, што беларускае заканадаўства абмяжоўвае свабоду слова, аб’яднанняў і мірных сходаў, у краіне працягваецца пераслед журналістаў, праваабаронцаў, прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў, па-ранейшаму выносяцца прысуды аб смяротным пакаранні.
У дакладзе адзначаецца, што СМІ знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, а незалежныя медыя і журналісты сутыкаліся з ўціскам. У прыватнасці, згадваюцца адмовы ў акрэдытацыі і штрафы журналістам, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
Згадваюцца выпадкі блакавання праваабарончага сайта spring96.org, навінавых сайтаў «Хартыя’97», «Беларускі партызан», а таксама сайтаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.