Савет ЕС заклікае ўлады Беларусі ліквідаваць перашкоды для свабоднай працы СМІ
Еўрасаюз не працягнуў дзеянне санкцый у дачыненні да 170 фізічных і трох юрыдычных асобаў Беларусі. Такое рашэнне прынятае 15 лютага на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС у Бруселі, – інфармуе БелаПАН.
“Пры гэтым на 12 месяцаў працягнутае эмбарга на пастаўку ўзбраенняў у Беларусь і абмежавальныя меры ў дачыненні да чатырох чалавек, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікнення ў 1999—2000 гадах апазіцыйных палітыкаў і журналіста Дзмітрыя Завадскага. Гаворка ідзе пра Уладзіміра Навумава (былы міністр унутраных спраў), Віктара Шэймана (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрыя Сівакова (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрыя Паўлічэнку (камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС)”.
Разам з тым Савет ЕС адзначае, што Еўрасаюз па-ранейшаму занепакоены сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, і нагадвае, што “адносіны Беларусі і ЕС павінны грунтавацца на агульных каштоўнасцях, асабліва што да паважання правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону”.
У прыватнасці, Савет заклікае ліквідаваць усе перашкоды для свабоднай і незалежнай працы СМІ, уключаючы рэгістрацыю новых выданняў і акрэдытацыю журналістаў.