Майстар-клас па прававой бяспецы журналістаў і прэзентацыя кнігі сябра БАЖ прайшлі ў Магілёве
У грамадскім цэнтры “Кола” у Магілёве 13 лютага адбылася сустрэча, прысвечаная прававой бяспецы дзейнасці журналістаў, для сябраў ГА “БАЖ” з Магілёўскай вобласці.
Удзел у мерапрыемстве ўзялі каля трыццаці журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны.
Юрыст Аляксандр Жук падрабязна распавёў удзельнікам мерапрыемства пра прававыя аспекты і асаблівасці працы журналістаў з інтэрнэт-рэсурсамі і сацыяльнымі сеткамі, а таксама адказаў на шматлікія пытанні прысутных. Найбольш цікавіла БАЖаўцаў Магілёўшчыны, якая зараз ёсць небяспека ў тым, каб адкрыта быць незалежным інтэрнэт-рэсурсам; ці ёсць магчымасць афіцыйнай рэгістрацыі сайта як СМІ і што яна дае; на што незалежныя журналісты маюць права, калі дзейнічаюць ад імя незарэгістраванага СМІ.
Удзельнікі дамовіліся, што наступная сустрэча па пытаннях прававой бяспекі журналістаў пройдзе ў Магілёве перад пачаткам выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў.
Пасля заканчэння мерапрыемства ў той жа зале сябар ГА “БАЖ”, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі прэзентаваў калегам-журналістам і запрошаным гасцям сваю новую кнігу “Праект стратэгіі развіцця Круглянскага раёна да 2030 года”, адказаў на пытанні. У кнізе распавядаецца пра асноўныя праблемы Круглянскага раёна і шляхі іх вырашэння. Аўтар перакананы, што напрацоўкі па стратэгіі развіцця рэгіёнаў будуць абавязкова запатрабаваны ў далейшым пры змене палітычнай сітуацыі.
Пётр Сцяпанавіч Мігурскі з’яўляецца аўтарам больш за дзесятка кніг эканамічнай тэматыкі.