Міліцыя пакінула без разгляду зварот старшыні ГА “БАЖ” адносна збіцця Дабравольскага
“У адпаведнасці з арт. 15 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” Ваш зварот пра грубае парушэнне заканадаўства супрацоўнікамі органаў унутраных спраў пры затрыманні журналіста Інтэрнэт-партала TUT.by Дабравольскага П.П. пакінуты без разгляду як падлагяючы вырашэнню ў парадку крымінальна-працэсуальнага заканадаўства”.
Пра гэта паведамляецца ў электронным лісце, які Андрэй Бастунец атрымаў 5 лютага ад выканаўца абавязкаў начальніка галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС П. Гур’янава.
“Прыняцце рашэнняў па заявах ці паведамленнях пра злачынствы, здзейсненыя службовымі асобамі органаў унутраных спраў у сувязі з іх службовай альбо прафесійнай дзейнасцю, належыць да выключнай кампетэнцыі органаў папярэдняга следства”, – піша сп. Гур’янаў.
“У гэтай сувязі інфармую, што цяпер на падставе заявы Дабравольскага П.П. упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г. Мінску па выкладзеных у звароце абставінах праводзіцца праверка, па выніках якой будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням удзельнікаў апісаных Вамі падзеяў”, – даводзіць прадстаўнік МУС.
Аналагічныя адказы атрымліваюць і іншыя журналісты, што звярталіся ў МУС з заявай датычна збіцця Дабравольскага.
В МВД отказываются рассматривать обращение об избиении журналиста Добровольского