• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Tut.by звярнуўся да начальніка ГУУС і пракурора Мінска ў сувязі са збіццём свайго супрацоўніка

    ТАА "Тут Бай Медыя" (партал tut.by) накіравала зварот начальніку ГУУС Аляксандру Барсукову і пракурору Мінска Сяргею Хмаруку ў сувязі з затрыманнем і збіццём журналіста Паўла Дабравольскага супрацоўнікамі АМАПа.

    Карэспандэнт tut.by быў затрыманы і збіты ў будынку суда Фрунзенскага раёна Мінска, дзе ён знаходзіўся паводле задання рэдакцыі — асвятляў ход судовага працэсу па «справе графіцістаў». Калі двух актывістаў вывелі з залы суда супрацоўнікі АМАПа, Павел пайшоў за імі, фіксуючы тое, што адбываецца, на камеру мабільнага тэлефона. У звароце падкрэсліваецца, што Дабравольскі меў журналісцкае пасведчанне, быў акрэдытаваны для асвятлення судовага працэсу.

    «Ажыццяўляць відэаздымку ў калідоры суда, у месцы, даступным для масавага наведвання, заканадаўствам не забаронена», — нагадваюць аўтары звароту.

    З боку работнікаў органаў унутраных спраў, якія праводзілі затрыманне актывістаў, «былі ўчыненыя дзеянні, якія груба парушаюць закон». Згодна са словамі Дабравольскага, супрацоўнікі АМАПа павалілі яго і двух затрыманых на падлогу, сталі збіваць нагамі, а потым на працягу 20 хвілін прымушалі ляжаць на падлозе, зневажаючы і абражаючы.

    «Аргументы, што прыводзіць у гэты час прэс-служба ГУУС, пра нібыта супраціўленне супрацоўнікам міліцыі, якое яны вымушаныя былі спыніць з выкарыстаннем фізічнай сілы, не вытрымліваюць ніякай крытыкі: немагчыма сабе ўявіць, каб пры затрыманні двое хлопцаў-актывістаў і тым больш не зацікаўлены ў зыходзе справы журналіст сталі б кідацца на прафесійных супрацоўнікаў АМАПа, якія ў некалькі разоў праўзыходзілі іх лікам і фізічнай сілай, прычым (мяркуючы па характары нанесеных ім цялесных пашкоджанняў) шматкроць. Сведкі, што знаходзіліся ў зале суда, чулі гукі збівання на працягу доўгага часу. Пра збіццё кажуць і сляды пабояў, што засталіся на целе нашага журналіста», — гаворыцца ў звароце.

    Партал таксама звяртае ўвагу на абставіны, пры якіх праходзіў суд над Дабравольскім: «Суд прыняў пастанову, грунтуючыся выключна на «сведкавых паказаннях» супрацоўнікаў АМАПа, якія рабілі незаконнае затрыманне і збіванне журналіста». Дабравольскага аштрафавалі на 45 базавых велічыняў (9,45 млн. рублёў).

    «Мы абураныя паводзінамі і дзеяннямі супрацоўнікаў АМАПа. Перакананыя, што ніхто не мае права перашкаджаць ажыццяўленню прафесійнай дзейнасці журналіста і, тым больш, прымяняць гвалт. Яшчэ больш абуральна, калі такія выпадкі адбываюцца не ў зоне узброеных канфліктаў, не на масавых акцыях. У будынку суда — месцы, дзе павінна вяршыцца правасуддзе, — учыняецца беззаконне і бязмежжа», — гаворыцца ў звароце tut.by.

    У ТАА «Тут Бай Медыя» мяркуюць, што ў дзеяннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў ўтрымліваюцца прыкметы «як мінімум двух злачынстваў», прадугледжаных арт. 198 (перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста) і арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса.

    Дабравольскі ўжо звярнуўся з заявай аб супрацьпраўных дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі ў Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэта, а таксама прайшоў працэдуру зняцця пабояў.

    «Улічваючы асаблівую грамадскую значнасць захавання законнасці з боку супрацоўнікаў органаў правапарадку, а таксама забеспячэння свабоды слова як аднаго з асноўных правоў чалавека ў цывілізаваным грамадстве, просім уважліва разабрацца ў акалічнасцях гэтай справы і прыцягнуць вінаватых да адказнасці», — гаворыцца ў звароце.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці