Дэдлайн блізка! Літаратурны музей Петруся Броўкі і “Рэпартаж з заплечнікам” запрашаюць у вандроўку «1.1.1» па Ушаччыне
Літаратурны музей Петруся Броўкі і спецпраект ГА “БАЖ” “Рэпартаж з заплечнікам” запрашаюць у літаратурную вандроўку па Ушаччыне.
“1.1.1” — так мы назвалі сумесны праект. Гэта падарожжа, якое прымеркавана да 111-га дня нараджэння народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі і прысвечанае тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны — Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.
Чытайце: Літаратурнае падарожжа па Ушаччыне (фотарэпартаж)
Як зберагаецца памяць пра вядомых паэтаў і пісьменніка ў год культуры, — мы зможам на свае вочы ўбачыць падчас вандроўкі.
Плануецца наведаць тры пункты: Ушачы-Бычкі-Пуцілкавічы.
Накіроўваючыся ва Ушачы, мы пабачым неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны — урадлівай на паэтаў і мастакоў зямлі.
Важнымі пунктамі ва Ушачах будуць дом, дзе нарадзіўся Рыгор Барадулін, а таксама магіла, дзе знайшоў вечны прыстанак народны паэт. Пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе самога Барадуліна ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года. Расповед будзе весці пісьменнік, журналіст, блогер Глеб Лабадзенка. Мы зможам запытацца ў яго і ў прысутных музейшчыкаў, ці магчыма рэалізаваць ідэю музефікацыі дома Рыгора Барадуліна.
У Вушчаскім музеі народнай славы імя Героя Савецкага саюза У.Е. Лабанка зможам пагаварыць з мясцовымі жыхарамі і прадстаўнікамі аддзела культуры, якія збяруцца на імпрэзу з удзелам пісьменнікаў, творчых дзеячаў, супрацоўнікаў музеяў Мінска і Ушач.
У вёсцы Бычкі, дзе нарадзіўся Васіль Быкаў, нас чакае прыемная сустрэча з пляменнікам пісьменніка Хараком Мікалаем Мікалаевічам, які наглядае за Хатай-музеем Васіля Быкава.
Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая, амаль вымерлая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся народны паэт Беларусі – Пятрусь Броўка.
Уявіце сабе — дзень народзінаў паэта ў выміраючай вёсцы. Прыпынкам у Пуцілкавічах стане Хата-музей Петруся Броўкі. Пазнаёмімся з адным з нямногіх жыхароў – Сысом Міхалам Леанідавічам, які зараз кіруе музеем, зможам запытаць у адзінкавых бабулек, як ім сёння жывецца ў адрыве ад усёй цывілізацыі. Ва ўсіх прысутных будзе ўнікальная магчымасць убачыць накаторыя матэрыялы і прадметы з тых 17-ці чамаданаў, якія сталі сенсацыйным падарункам Літаратурнаму музею Петруся Броўкі (г. Мінск), які зрабіў сын народнага паэта — Юрый Пятровіч Броўка.
Ля вогнішча абмяняемся ўражаннямі, якія мы атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, паслухаем народныя спевы ў выкананні аматарскага калектыва “Спеўны сход” (кіраўнік Сяргей Доўгушаў, саліст групы “Вурай”), а таксама песні на словы Рыгора .Барадуліна, Пятруся Броўкі і інш. у выкананні Алеся Камоцкага.
Праграма вандроўкі 25 чэрвеня выглядае так:
6.45 |
Збор удзельнікаў вандроўкі каля ст. метро Маскоўская, прыпынак ля кінастудыі. Аўтобус…..Кіраўнік групы Мізон Наталля тэл. +375 29 33 888 23 |
7.00 |
Ад’езд |
7.00–10.00 |
Дарога да г.п. Ушачы. Экскурсія ад загадчыка навукова-экспазіцыйнага аддзела Вольгі Барысаўны Гулевай Сан.прыпынак Пункт прыбыцця – Дом Рыгора Барадуліна
|
10.00–11.15 |
Спікеры-Глеб Лабадзенка, Наталля Давыдзенка |
11.30–13.15 |
Ушачскі музей народнай славы імя Героя Савецкага саюза У.Е. Лабанка. Імпрэза, прымеркаваная да 111-годдзя Петруся Броўкі і прысвечаная Петрусю Броўку, Рыгору Барадуліну, Васілю Быкаву. Спікеры: Ганад Чарказян, Наталля Давыдзенка, Лідзія Макарэвіч, Вольга Гулева, Наталля Мізон, прадстаўнікі ўшацкага райвыканкама і музея Мастацкае чытанне: Алег Вінярскі Спевы:Алеся Камоцкага |
13.00–13.45 |
Кава-брэйк
|
14.00–15.30 |
Хата-музей Васіля Быкава ў Бычках Спікер: Мікалай Мікалаевіч Харак, Глеб Лабадзенка |
16.00–16.45 |
Выезд у Пуцілкавічы |
17.00–18.45 |
Наведванне Хаты-музея Петруся Броўкі. Спікеры: Міхаіл Леанідавіч Сыс, супрацоўнікі ЛМПБ, Вера Буланда Спевы: аматарскі калектыў “Спеўны сход” (кіраўнік Сяргей Доўгушаў, саліст групы Vuraj), Алесь Камоцкі. Упершыню будуць прадстаўленыя музейныя прадметы з архіва сям’і Броўкаў , перададзеныя сынам паэта Юрыем Пятровічам у фонды ЛМПБ у маі 2016 г. |
19.00–20.00 |
Вячэра самастойна |
20.30 |
Адпраўленне аўтобуса з удзельнікамі вандроўкі ў Мінск |
Спікеры:
- Глеб Лабадзенка, пісьменнік, журналіст, блогер, адзін з заснавальнікаў курсаў беларускай мовы “Мова Нанова”, сябраваў з сям’ёй Р.Барадуліна.
- Ганад Чарказян, пісьменнік, паэт. Піша на курдскай і армянскай мовах, быў блізка знаёмы з П. Броўкам (атрымаў ад яго “пуцёўку ў літаратуру”), Р. Барадуліным (перакладаў вершы Ганада на беларускую мову), В. Быкавым (дапамагаў будаваць дачу ў Ждановічах, дзе сёння знаходзіцца музей ).
- Алег Вінярскі, акцёр і рэжысёр Нацыянальнай Дзяржаўнай тэдерадыёкампаніі РБ.
- Наталля Давыдзенка, паэтэса, працавала разам з Р. Барадуліным ў выд. “Мастацкая літаратура”, яшчэ пры яго жыцці разбірала архіў паэта, з’яўляецца ўкладальнікам і аўтарам прадмовы да кн. “Рыгор Барадулін. Дзённікі і запісы”, 2015).
- Міхаіл Леанідавіч Сыс, загадчык Хаты-музея П. Броўкі
- Мікалай Мікалаевіч Харак, загадчык Хаты-музея В. Быкава
- Макарэвіч Лідзія Вітальеўна, дырэктар установы Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
- Вольга Гулева, загадчык экспазіцыйнага аддзела ДМГБЛ.
- Мізон Наталля, загадчык Літаратурнага музея Петруся Броўкі.
- Азевіч Святлана Васільеўна, начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай працы Ушацкага райвыканкама
- Вера Буланда пісьменніца, распавядзе шчымлівую гісторыю пра стрыечную сястру П. Броўкі.
Заявіць пра свой удзел у вандроўцы можна па тэлефоне:
+375 17 226 09 81
+375 29 338 88 23
ДЭДЛАЙН падачы заявак — 22 чэрвеня.