Выйшла кніга пра выбітных людзей Гродзеншчыны
Сябар ГА "БАЖ" і Саюза беларускіх пісьменнікаў са Слоніма Сяргей Чыгрын напісаў кнігу пра суседзяў — выбітных беларусаў з Дзятлаўскага раёна пад назвай “На радзіме Ігната Дварчаніна”. Выданне выйшла ў свет у мінскім выдавецтве “Кнігазбор”.
Новая кніга расказвае пра Ігната Дварчаніна (літаратар, навуковец, палітычны дзеяч Заходняй Беларусі, пасол ад народа ў польскім сейме Другой Рэчы Паспалітай), Сяргея Хмару ( паэт, палітычны эмігрант), Пятруся Граніта, Васіля Струменя, Гарасіма Праменя, Нікіфара Жальбу, Вячаслава Адамчыка і іншых вядомыхлюдзей, чый лёс звязаны з Дзятлаўшчынай, а таксама пра помнікі і гістарычныя мясціны гэтага краю.
Цікавымі падаюцца таксама гутаркі з педагогам і былым спартсменам Валерам Петрыкевічам, з настаўніцай беларускай мовы Вікторыяй Воўкавай, журналістам і пісьменнікам Уладзімірам Васько, з краязнаўцам , гісторыкам Фёдарам Красюком, пісьменніцай і ўласным карэспандэнтам “Газеты Слонімскай” на Дзятлаўшчыне Леанардай Юргілевіч і іншымі цікавымі людзьмі Дзятлаўскага краю.
Раповяды пра вёскі, валуны, крыніцы ды помнікі Дзятлаўшчыны могуць зацікавіць як герояў гэтай кнігі, так і іх землякоў.
Кніга “На радзіме Ігната Дварчаніна” Сяргея Чыгрына чакае свайго чытача ў сталічнай кнігарні “Акадэмічная кніга”. Аднак, як зазначыў пісьменнік у размове з аўтарам гэтых радкоў, асноўны тыраж ён плануе распаўсюдзіць падчас прэзентацый і сустрэч з чытачамі непасрэдна на Дзятлаўшчыне.
Фота з архіва аўтара