Хадзіджа Ісмаілава падзякавала ўсім удзельнікаў акцый за яе вызваленне
Азербайджанскай журналістка Хадзіджа Ісмаілава, вызваленая з турмы пасля 1,5 гадоў зняволення, асабіста падзякавала за сваё вызваленне ўсім журналісцкім арганізацыям, што выказвалі ёй салідарнасць і падтрымку.
27 мая Хадзіджа Ісмаілава збіралася сустрэць сваё 40-годдзе ў азербайджанскай турме. Аднак пасля шырокай міжнароднай кампаніі салідарнасці, да якой далучыліся і беларускія журналісты, бакінскі суд нечакана прыняў рашэнне пра ўмоўна датэрміновае вызваленне.
– Гэта найлепшы Дзень нараджэння ў маім жыцці. Я не сустракала яго ў турме дзякуючы вам. Дзякуючы вашым намаганням я вольная і абяцаю далучыцца да вас у змаганні за іншых палітвязняў у Азербайджане і ва ўсім свеце. Дзякуй вам усім за дапамогу людзям у праблемнай сітуацыі і абарону правоў чалавека ў цэлым, – адзначыла Хадзіджа Ісмаілава ў відэазвароце, разасланым у журналісцкія арганізацыі.
Хадзіджа Ісмаілава вядомая як аўтарка серыі журналісцкіх расследаванняў, што выкрываюць карупцыю ў колах улады і шматлікія парушэнні правоў чалавека ў Азербайджане. 1 верасня 2015 года Бакінскі суд асудзіў яе на 7,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, звінаваціўшы ва ўхіленні ад уплаты падаткаў, крадзяжы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і злоўжыванні службовым становішчам.