Сёння — уручэнне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч
Цырымонія ўручэння пачнецца а 18:30 па беларускім часе. Прамую трансляцыю цырымоніі можна будзе паглядзець у інтэрнэце.
Нобелеўскую прэмію міра будуць уручаць 10 снежня а 15‑й гадзіне ў Осла (Нарвегія). А ад 18:30 паводле беларускага часу ў Стакгольмскай канцэртнай залі пачнецца ўручэнне прэстыжнай прэміі лаўрэатам у галіне фізікі, хіміі, экананічных навук, фізіялогіі і медыцыны, а таксама літаратуры.
Спачатку выступіць старшыня Нобелеўскага камітэта Касі Кулман Файв, а потым кароль Швецыі Карл Густаў ХVI уручыць кожнаму лаўрэату адмысловы медаль з выявай Альфрэда Нобеля і дыплом.
Сёлета Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры з рук шведскага караля Карла Густава ХVI атрымае беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч.
А 21:00 паводле беларускага часу — банкет у Блакітнай зале Стакгольмскай ратушы. Да слова, сёлета шведскі кароль будзе спускацца ў залу па лесвіцы са Святланай Алексіевіч. Калі няма жанчыны-лаўрэаткі, па традыцыі кароль вядзе жонку лаўрэата Нобеля па фізіцы.
На банкет запрошана 88 ганаровых гасцей — сёлетнія лаўрэаты, лаўрэаты мінулых гадоў, выбітныя навукоўцы, міністры, дыпламаты, каралеўская сям’я.
Першы тост на банкеце традыцыйна за каралеўскую сям’ю, другі — за Нобеля.
Чакаюцца і кароткія банкетныя прамовы кожнага з сёлетніх лаўрэатаў (па 2 хвіліны).
«У банкетнай прамове будзе пра Беларусь», — сказала пісьменніца журналістам напярэдадні, адказваючы на папрокі крытыкаў яе Нобелеўскай лекцыі.
Таксама, як напісала ў сваім Facebook журналістка «Радыё Свабода» Аляксандра Дынько, Святлана Алексіевіч звярнулася да яе з просьбаю перадаць незадаволеным такія словы: «Вы патлумачце гэтым сваім героям, што пісьменьнік мусіць гаварыць на сваёй мове, а не рабіць мітынг з Нобелеўскай лекцыі. Што я мусіла крычэць «Жыве Беларусь? Скакаць на кані? Скажыце пра гэта ад мяне».
Прамую трансляцыю ўручэння Нобелеўскай прэміі можна будзе глядзець на старонцы Нобелеўскага камітэту.
Белтэлерадыёкампанія, тэлеканалы АНТ і СТВ не будуць трансляваць цырымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі.