• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскія БАЖаўцы сустрэліся з аўтарамі шведскага падручніка для журналістаў-фрылансераў

    Журналісты Фрэдрык Нэйман і Мікаэль Бэрлінг, стваральнікі падручніка ”Frilans handboken”, ахвотна дзеляцца ўласным фрылансерскім досведам са студэнтамі і калегамі. Гэтым разам падчас прыезду ў Беларусь шведскія фрылансеры вырашылі сустрэцца не толькі са сталічнымі журналістамі і абралі для першага падарожжа ў рэгіёны Віцебск.

    Тэма размовы – як пабудаваць працу фрылансера такім чынам, каб яна была і прафесійнай, і эфектыўнай, і прыбытковай – зацікавіла не толькі сябраў ГА «БАЖ» з абласнога цэнтра. На запрашэнне сустрэцца з Фрэдрыкам Нэйманам і Мікаэлем  Бэрлінгам адгукнуліся і полацкія БАЖаўцы.

    У размове пра стварэнне падручніка ”Frilans hand­bo­ken” калегам дапамагала з перакладам шведская журналістка Вераніка Мянжун, добра знаёмая многім  удзельнікам супольных праектаў медыяінстытута FOJO.

    У кнізе Frilans hand­bo­ken аўтары шмат увагі звяртаюць на тое, што фрылансер сёння – гэта і журналіст, і менеджар, і прыдпрымальнік. Наколькі б умовы працы журналіста ў Швецыі ні адрозніваліся ад тутэйшых, асноўныя правілы гульні застаюцца назменнымі. Таму фрылансер павінен вызначыць свае найлепшыя прафесійныя якасці, прааналізаваць уласныя здольнасці, акрэсліць кола тэм, якія супадаюць з яго зацікаўленнямі або адпавядаюць спецыфіцы адукацыі ці жыццёвага досведу і адначасова з’яўляюцца запатрабаванымі ў пэўнага кола чытачоў ці гледачоў. Вызначыўшыся з аўдыторыяй і патэнцыйнымі накірункамі ўласнай працы, журналіст-фрылансер можа прапаноўваць рэдакцыям свае паслугі. Таксама выдатна, калі рэдакцыі могуць скарыстацца нейкім адмыслова створаным банкам дадзеных пра журналістаў, здольных выканаць канкрэтную працу.  

    Падчас сустрэчы са шведскімі калегамі ў прысутных з’явілася шмат пытанняў пра тое, як найлепш арганізаваць працу фрылансера ў сучасных беларускіх умовах. Віцебскія журналісты выказалі ідэю стварэння ўласнага фрыланс-бюро, каб аб’яднаць тых, хто мог бы прапанаваць рэдакцыям у іншых рэгіёнах свае паслугі ў напісанні матэрыялаў па мясцовай тэматыцы – прыкладам, пра фэстываль “Славянскі базар” у Віцебску” або пра актыўнасць тутэйшых прадпрымальнікаў ці дзеячоў неафіцыйных прафсаюзаў.

    А каб было зручней працаваць пачас нейкіх працяглых у часе імпрэзаў (напрыклад, асвятляючы той самы “Славнскі базар”), калегі вылучылі ідэю стварэння агульнага офіса. Гэта магло б дапамагчы абменьвацца парадамі ці кантактамі для інтэрв’ю. А калі ідэя сябе апраўдае, супольны офіс можа быць ужо не часовым, а сталым – каб фрылансеры маглі працаваць не толькі дома, кожны сам па сабе.

    Ці варта сёння працаваць на аўтарытэт пэўнага выдання? Ці не лепш зрабіць “брэндам” уласнае імя ў прафесіі? Ці магчыма ў Беларусі зарабляць на жыццё з фрыланс-журналістыкі? Як прапаноўваць свае паслугі, назапашваць кантакты,  планаваць працоўны час і нагрузку? Усе гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў часе віебскай сустрэчы.

    Каардынатар дыскусіі, сябра Рады ГА “БАЖ” Андрусь Клікуноў нагадаў, што з ініцыятывы арганізацыі створаны адмысловы інтэрнэт-рэсурс, які можа дапамагчы беларускім фрылансерам знайсці працу, а працадаўцам – замовіць матрыял на пэўную тэму.

    Карысным складнікам у абмеркаванні праблем фрылансерства сталі выступ і кансультацыі юрыста, спецыяліста ў галіне медыяправа Аляксандара Жука. Ён стала супрацоўнічае з БАЖаўцамі і заўжды гатовы адказаць на пытанні датычна  працы журналістаў-фрылансераў.

    Кожны ўдзельнік сустрэчы атрымаў памятку-буклет “12 крокаў ад ідэі да продажу артыкула”. Гэта 12 парадаў журналістам, якія згадваюцца ў падручніку “Frilans hand­bo­ken”. А віцебскія БАЖаўцы, імкнучыся зрабіць візіт замежных і мінскіх калег прыемным і запамінальным, зладзілі для гасцей невялікую прагулку па горадзе.

    Разам наведалі мэмарыяльны музей Марка Шагала, прайшліся па гістарычным цэнтры. Віцябляне распавялі пра тутэйшыя архітэктурныя і культурніцкія адметнасці, а шведскія госці з задавальненнем сфатаграфаваліся на памяць каля помніка віцебскаму князю Альгерду.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці