Дырэктарка «Белсату» атрымала прэмію за абарону свабоды слова
Агнешка Рамашэўская-Гузы атрымала прэмію ад Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны (НСЖУ). Прэмія носіць імя Ігара Лубчанкі, які шмат гадоў кіраваў арганізацыяй, а прысуджаюць яе 3 лістапада – у дзень яго нараджэння.
Як паведамляе belsat.eu, конкурсная камісія адзінагалосна прагаласавала за дырэктарку “Белсату”.
Як адзначыў Аляксандр Брыж, старшыня Данецкай абласной арганізацыі НСЖУ, «Агнешка Рамашэўская-Гузы заўсёды адстойвае правы ўкраінскіх журналістаў у Еўропе, таму вартая атрымаць гэтую прэмію».
Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной арганізацыяй НСЖУ Аляксей Кавальчук назваў дырэктарку «Белсату» «адвакатам украінскай журналістыкі».
Менавіта Польская асацыяцыя журналістаў першай адгукнулася на падзеі, якія адбываліся ва Украіне ў 2013–2014 гадах – супрацьстаянне на Майдане і шматлікія выпадкі гвалту ў дачыненні да журналістаў, заўважыў першы сакратар НСЖУ Сяргей Таміленка. Па яго словах, калегі з Польшчы адразу ж пачалі збіраць сродкі на дапамогу ўкраінскім медыйшчыкам, і менавіта спадарыня Агнешка не раз прыязджала ва Украіну, каб падтрымаць іх.