Беларускіх журналістаў запрашаюць у Global Bar! Тэма дыскусіі – творчасць Алексіевіч і Капусцінскага
Пятніца, 30 кастрычніка, 18:00, гатэль “Гарні” (г. Мінск, вул.Iнтэрнацыянальная вуліца, 11). Уваход вольны!
Свет робіцца ўсё складаней. Дзесьці паляпшаюцца стандарты жыцця, а дзесьці разгараюцца войны і канфлікты, узнікаюць натоўпы ўцекачоў, якіх не было з часоў другой сусветнай вайны.
Людзі атрымліваюць найбольшы аб’ём інфармацыі за ўсю гісторыю чалавецтва, але зразумець, што адбываецца ў свеце насамрэч, робіцца ўсё цяжэй.
Як зразумець свет? Якая роля журналістаў, што можам мы зрабіць, каб паспрыяць большаму разуменню?
Рышард Капусціньскі і Святлана Алексіевіч – два вялікія пісьменнікі і журналісты, якія паўсталі на перапляценні культур Беларусі, Украіны, Польшчы.
Наколькі іх спадчына стала крыніцай натхнення і крытэрам для новага пакалення журналістаў? Ці можам мы, натхнёныя імі, прапанаваць альтэрнатыўныя спосабы прачытання свету?
Global bar in Belarus імкнецца крочыць па іх слядах, даследаваць рэчаіснасць і расказаць пра гэта іншым. Далучайцеся!
Мадэратар сустрэчы: Сафія Хэйнэ / Sophie Heine, журналіст, Швецыя;
Панэлісты: Давід Ісаксон / David Isaksson, журналіст, Швецыя;
Прэдраг Драгосавач / Predrag Dragosavac, журналіст, Сербія – Швецыя.
Пра “Global Bar”:
У апошнія гады міжнародная дыскусійная панэль “Global Bar” стала ўнікальнай пляцоўкай для грамадскіх дэбатаў у Швецыі і ва ўсім свеце. Дзякуючы падтрымцы Шведскага інстытута, серыі дыскусій “Global Bar” за два апошнія гады адбыліся ў Сербіі, Босніі і Герцагавіне, Македоніі, Палесціне, Літве і Беларусі.