Урачыстая цырымонія “Беларусь у Фокусе” ўпершыню адбылася ў Мінску
У Мінску ўзнагародзілі лаурэатаў міжнароднага конкурса “Беларусь у Фокусе”. У творчым спаборніцтве, арганізаваным Press Club Belarus і MYMEDIA, удзельнічалі апублікаваныя ў міжнароднай прэсе артыкулы пра Беларусь.
Сёлета журы апрацавала 71 артыкул 59‑і аўтараў з 16‑і краін свету. “Удзел у конкурсе бярэ ўсё больш журналістаў з нашага рэгіёну, з Украіны і Расіі, — заўважыла заснавальніца “Прэс-клуба” Юлія Слуцкая. – Расце і колькасць журналістаў з Беларусі, якія патрапляюць са сваімі артыкуламі ў міжнародныя медыя”.
Першы фінал конкурса прайшоў у Варшаве ў 2011 г. З пачатку яго існавання было прачытана 270 артыкулаў пра Беларусь, напісаных 221 аўтарам з 28 краін свету. “Гэта проста сухія лічбы, але за імі стаіць цэлая міжнародная супольнасць журналістаў, зацікаўленых пісаць пра Беларусь, — падкрэсліла Слуцкая. — Яны цікавяцца падзеямі не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім рэгіёне”.
У намінацыі “Журналіст-прафесіянал” дыплом і сертыфікат на сумму 500 еўра атрымалі Кацярына Лушнікава за артыкул пра закон аб дармаедстве “The ‘parasite’ law in Belarus”, апублікаваны на рэсурсе opendemocracy.net, і нямецкі журналіст Крысціян Унгер за працу “На цягніку ў цемру: пошук слядоў з Грындэля ў Мінск” (надрукаваная ў газеце “Hamburger Abendblatt”).
Пераможцамі ў гэтай катэгорыі сталі таксама ўкраінская журналістка выдання “Новое Время” Крысціна Бердынскіх з артыкулам “Не самы расійскі свет. Падзеі ва Украіне прымусілі беларусаў задумацца пра нацыянальную ідэнтычнасць” і канадскі журналіст Джон Брэнэн за артыкул “Дзеці Чарнобыля: Канада, Беларусь і сувязі, якія раз’ядноўваюць свет”.
У намінацыі “Пачынаючы журналіст” дыплом і сертыфікат на суму 300 еўра быў уручаны расійскай журналістцы Таццяне Дворнікавай за тэкст “Моўны бар’ер”, які апублікаваў “Коммерсант – Власть”.
Журы спецыяльна адзначыла Уладзімера Акрэста з Расіі за публікацыю “Зона лайтовага рэжыма: памілаваныя палітзэкі пра выбары Лукашэнкі”, а таксама Алёну Саўчук з Украіны за “Выбары сэканд-хэнд. Чаму палітычнае жыцце ў Беларусі закатанае ў асфальт”.
Пераможцамі анлайн-конкурса сталі суаўтары Дзмітрый Акрэст і Павел Нікулін з Расіі за артыкул “Джыхад über alles”. Таксама ў якасці ўзнагароды атрымалі паездку ў Брусель у офіс Еўрапарламента журналісты Ганна Любакова і Вадзім Мажэйка.
Стажыравацца ў галоўную рэдакцыю “The Guardian” у Лондане паедзе журналістка партала TUT.by Марына Варабей за артыкул “Сардэчна запрашаем у “Захад‑4”: раён для сляпых у Мінску”.
Прызы ўручалі сябры міжнароднага журы, сярод якіх Джудзіт Соал — рэдактарка праекта “New East Network” брытанскай газеты “The Guardian”, прысвечанага краінам былога СССР, Міхал Патоцкі з польскага тыднёвіка “Dziennik Gazeta Prawna” і Міхась Янчук, намеснік старшыні ГА “БАЖ”.
Фоторепортаж: В Минске наградили победителей Belarus in Focus — 2015