Суд аштрафаваў журналістаў за «незаконнае інтэрв’юіраванне»
Гомельскія журналісты-фрылансеры Наталля Крывашэй і Канстанцін Жукоўскі аштрафаваныя кожны на 5,4 мільёна рублёў па артыкуле 22.9 КаАП.
Такі вердыкт вынесла 24 красавіка суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Марына Дамненка, разгледзеўшы адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя Нараўлянскім РАУС, паведамляе БелаПАН.
Паводле пратаколу, журналісты-фрылансеры 12 сакавіка, “не маючы адпаведнай акрэдытацыі пры Міністэрстве замежных спраў на вытворчасць дзейнасці журналіста, незаконна інтэрв’юявалі жыхароў вёскі Буда-Галовіцкая Нараўлянскага раёна, тым самым незаконна ўдзельнічалі ў вырабе прадукцыі СМІ”. Сюжэт пра тое, што ў Нараўлянскім раёне пенсіянеры вымушаныя плаціць вялікія сумы за свае дамы, быў паказаны ў эфіры тэлеканала «Белсат».
Наталля Крывашэй нагадала суду, што Канстытуцыя гарантуе ёй права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Фрылансерка пацвердзіла, што сапраўды была ў Нараўлянскім раёне і апытвала мясцовых жыхароў, каб данесці да грамадскасці іх праблемы. Пра праблему – высокія кошты за дамы – яна паведаміла ў сваім блогу. «Маю інфармацыю выкарыстоўваюць розныя выданні, у тым ліку і ўкраінскія, у тым ліку і сайт газеты «СБ. Беларусь сегодня», дзе быў размешчана мой матэрыял. Тады чаму мяне судзяць за «Белсат», які выкарыстаў мае матэрыялы, а не за «СБ. Беларусь сегодня»?», – заўважыла на судзе Крывашэй.
Яна не прызнала сябе вінаватай, як і яе калега. Жукоўскі адзначыў, што вінаваты толькі ў тым, што жыве тут і кажа праўду. «У нас адзін прэзідэнт, а чыноўнікаў вельмі шмат, і ён: не можа адзін за ўсімі ўсачыць, таму я яму спрабаваў дапамагчы – здымаў пра праблемы жыхароў вёскі. Бо выходзіць, што мясцовыя чыноўнікі сваімі дзеяннямі дыскрэдытуюць прэзідэнта перад яго электаратам – пенсіянерамі», – патлумачыў в судзе фрылансер.
Паводле яго слоў, зняты матэрыял ён разаслаў па розных выданнях, на што мае права, гарантаванае Канстытуцыяй.
Праваабаронца Алесь Яўсеенка, які прысутнічаў на судзе, назваў парушэннем адхіленне ўсіх хадайніцтваў. Яны, па яго меркаванні, былі цалкам законныя – вядзенне працэсу на роднай мове, магчымасць мець абарону.
З пастановай суда журналісты-фрылансеры не згодныя і будуць яе абскарджваць.